АЗІМЫЯ ПРОСЯЦЬ СІЛКАВАННЯ

1++Пасевы азімых пад промнямі веснавога сонца зазелянелі, пусціліся ў рост. Таму ім патрэбна сілкаванне, у першую чаргу, азотнымі ўгнаеннямі. У ААТ»Літусава» для гэтага выкарыстоўваюць КАС.

Вадкія комплексныя ўгнаенні ў глебу ўносяцца з дапамогай «Дзвіны», самаходнай машыны на пнеўмахаду. За яе рулём — Андрэй Цярэня.
— За адзін праход падкормка робіцца на шырыні 16 метраў, — тлумачыць механізатар. — Так што за змену можна падкарміць каля 100 га пасеваў.
У пары з ім працуе Сяргей Зуеў, які дастаўляе КАС у поле. Напоўніць ёмістасць «Дзвіны» механізатарам дапамагае Васіль Шыркевіч. Праца спорыцца. Члены звяна — работнікі старанныя, імкнуцца эфектыўна выкарыстаць спрыяльнае надвор’е і лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Да таго ж іх работа знаходзіцца пад пільным кантролем галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Бянько.
Як расказаў Аляксандр Аляксандравіч, у гаспадарцы вядуцца і іншыя работы. У прыватнасці, выканана заданне па падсеву азімых зерневых насеннем шматгадовых траў, пераважна бабовых. Але сеялка для траў па-ранейшаму ў полі — сяўба працягваецца. Вядзецца падкормка пашаў, сенажацяў. Фронт палявых работ трэба было б разварочваць шырэй. Аднак запасы паліва ў гаспадарцы абмежаваныя.
Восенню на палетках ААТ «Літусава» азімыя зерневыя пасеялі на плошчы 723 га, рапс — на 170 га. Сілкаванне гэтых пасеваў будзе праведзена з дапамогай «Дзвіны». Як мяркуецца, работа будзе завершана за 10 — 11 дзён. Калі падключыцца іншая тэхніка з раскідвальнікамі цвёрдых угнаенняў, то і раней.
— На першую падкормку вадкіх і цвёрдых азотных угнаенняў хопіць, — упэўнены Аляксандр Бянько. — Спадзяюся, што пазней завязём яшчэ, каб падсілкаваць азімыя некалькі разоў, унесці поўны набор угнаенняў пад яравыя культуры.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
НА ЗДЫМКУ: механізатары ААТ «Літусава» (злева направа) Васіль Шыркевіч, Андрэй Цярэня і Сяргей Зуеў, занятыя на ўнясенні вадкіх угнаенняў.