СПОРТ ДЛЯ МОЛАДЗІ І КІРАЎНІКОЎ

1Фінішаваў раённы турнір па валейболе. На працягу больш двух месяцаў 9 каманд з усяго раёна высвятлялі, хто мацнейшы над сеткай.

У заключны дзень спаборніцтваў на пляцоўку выйшлі каманды раённага аддзела ўнутраных спраў, унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, каб вызначыць пераможцу і прызёраў. Згодна з рэгламентам гульні доўжыліся да трох перамог.
У выніку міліцыянеры, якія на працягу ўсяго турніру гулялі вельмі зладжана, перамаглі ўсіх прэтэндэнтаў і заваявалі галоўны прыз — кубак. Яго Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, уручыла начальніку РАУС Міхаілу Архіпаву. Другое месца ў напружанай барацьбе заваявалі меліяратары. У складзе каманды, дарэчы, выступаў дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Анатоль Гарбуз. Трэцяе месца заняла каманда, якая прадстаўляла педагогаў раёна. Поспехам, безумоўна, трэба лічыць чацвёртае месца камунальнікаў. Каманда прымала ўдзел у турніры пасля доўгага перапынку.
2Падсумоўваючы вынікі турніру, Зоя Фаміна падкрэсліла, што валейбольныя спаборніцтвы карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў аматараў гэтага віду спорту. Расце яго папулярнасць у моладзі, школьнікаў. Турнір з задавальненнем наведвалі шматлікія балельшчыкі. Так што можна спадзявацца на далейшы рост майстэрства спартсменаў, на поспех у спаборніцтвах больш высокага рангу.
Аляксандр ЛАЗЮК.