ДАР АД ВІЦЕБСКІХ МАСТАКОЎ

4Гэта выстава пра тое, што ў кожнага, куды б ні прывяло жыццё, ёсць малая радзіма, куточак, куды імкнуцца думкі і дзе застанецца памяць пра цябе.

У Сенненскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі размясцілася ўнікальная экспазіцыя «Мой родны кут». Яе аснову склалі мастацкія творы членаў Беларускага саюза мастакоў, ураджэнцаў Сенненшчыны. На днях яны прыехалі на малую радзіму, каб асабіста прэзентаваць сваю творчасць землякам.
Наталля Лісоўская, Аляксандр Падалінскі (на здымку), Мікалай Драненка… Іх імёны добра вядомы ў Беларусі і за яе межамі. За плячыма ў кожнага дзясяткі выстаў — ад абласных да міжнародных. Але гэтая, бадай, самая адметная ў іх творчай кар’еры, бо праходзіць на роднай Сенненшчыне.
У экспазіцыю ўвайшлі каля 40 работ. Яны абсалютна розныя па стылі, тэхніцы выканання, жанрах. Але яднае іх тэма бацькаўшчыны.
Наведвальнікі пазнаюць на карцінах знаёмыя для сябе месцы: берагі Сенненскага возера, вулачкі Сянна, вясковыя наваколлі. Многія з работ звязаны з канкрэтнымі падзеямі, уражаннямі з жыцця аўтараў. Так, габелен «Мае вербы» Наталля Лісоўская выткала ў памяць пра вербалозы, якія яна, будучы дзяўчынкай, разам з бацькам пасадзіла ля хаты ў Забараўі.
Дацэнт кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Наталля Сяргееўна працуе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Дарэчы, апранаючы адзенне айчыннага легпрама, многія з нас і не здагадваюцца, што ўзоры на тканінах, з якой яны пашыты, распрацавала наша зямлячка. На выставе прадстаўлены яе габелены, работы ў тэхніках валяння воўны і пастэлі. У сваёй творчасці мастачка спалучае традыцыйныя і нетрадыцыйныя матэрыялы, актыўна выкарыстоўвае нацыянальную сімволіку. Па прызнанні Наталлі Лісоўскай, арнаменты для яе бы кніга, па якой можна чытаць наша жыццё.
Экспрэсіяй, манументальнасцю, яркімі колерамі прыцягваюць карціны Аляксандра Падалінскага. Ён нарадзіўся ў Сянне, а школьнае дзяцінства яго прайшло на беліцкай зямлі. Аляксандр Мікалаевіч працуе на Віцебскім камбінаце мастацтваў, шчыруе не толькі ў станкавым жывапісе. У яго скарбонцы ёсць работы, выкананыя алоўкам, тушшу.
Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі Мікалай Драненка, у адрозненні ад сваіх калег, на Сенненшчыне выстаўляецца не ўпершыню. У мастацтва ўраджэнца Маргойцаў прывёў шчаслівы выпадак. Юнаком ён марыў стаць спартсменам, нават уваходзіў у зборную вобласці па лёгкай атлетыцы. Пакуль аднойчы ў Беліцкую школу не завітаў прадстаўнік тады яшчэ Віцебскага педінстытута. Убачыўшы малюнкі вясковага хлапчука, госць прапанаваў паступаць на мастацка-графічны факультэт. «Так ён павярнуў маё жыццё на 180 градусаў», — кажа Мікалай Аляксеевіч. Яго стыхія — лірычны пейзаж, натурай для якога з’яўляюцца сенненскія краявіды.
Прысутнічае ў экспазіцыі і імя яшчэ аднаго творцы — Яўгена Антонава. На жаль, лёс адвёў яму ўсяго 47 гадоў. Мастак нарадзіўся ў Сянне і тут знайшоў свой апошні прытулак. Але за сваё кароткае жыццё Яўген Антонаў паспеў многае. Будучы выкладчыкам Віцебскага дзяржуніверсітэта, выхаваў плеяду беларускіх мастакоў. Багата адораны разнастайнымі талентамі, захоплены і самаадданы ў працы, ён адразу прыцягваў увагу і калег, і студэнтаў. Выкладаў ярка і ўражліва, шмат працаваў сам, дасканала валодаў малюнкам, жывапісам, кампазіцыяй. Акрамя таго, сваё прызванне Яўген Васільевіч усвядоміў як іканапісец. Яго работамі аздоблены Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, храмы Масквы, цэрквы Беларускага экзархата.
Як заўважыў навуковы супрацоўнік раённага музея Васіль Бандарэвіч, які быў асабіста знаёмы з мастаком: «У сваёй творчасці гэта быў Леанарда да Вінчы, па сіле духу — Мікеланджэла, а па прыгажосці — Рафаэль». Кожная работа Яўгена Антонава — гэта паэма, у якой адлюстроўваецца цудоўны свет прыроды роднай зямлі і яе людзей.
Шэраг работ творцы, сярод якіх жывапіс, эцюды, афорты, гравюры, на выставу прадаставіў пляменнік мастака Сяргей Юр’еў.
Выстава будзе працаваць на працягу красавіка і, мяркую, наведаць яе варта кожнаму сенненцу. Між іншым, асобныя работы ад кожнага аўтара назаўсёды застануцца ў фондах раённага музея. Такі дар сваёй малой радзіме зрабілі віцебскія мастакі.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.