ТРАДЫЦЫЙНЫЯ СПАБОРНІЦТВЫ НА НОВЫ ЛАД

аПС “Сянно” — адносна невялікае прадпрыемства. Але ў ім працуе шмат грамадска-актыўных людзей, аматараў спорту. У дзень Абаронцаў Айчыны штогод сярод членаў калектыву наладжваюцца спартыўныя спаборніцтвы.

Сёлета да ўдзелу ў іх запрасілі спартсменаў-аматараў раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Сродкі на правядзенне спаборніцтваў, на закупку прызоў для пераможцаў выдаткавалі прафсаюзныя камітэты арганізацый. Клопаты пра арганізацыйныя пытанні ўзялі на сябе Валерый Лыскоў, які ў прафкаме ПС “Сянно” адказвае за спартыўна-масавую работу, і Сяргей Галынчык, інструктар па фізкультуры і спорту РУП ЖКГ.
Перад пачаткам спартыўных баталій усе члены працоўнага калектыву перапампоўваючай станцыі і дэлегацыя гасцей сабраліся ў актавай зале. Галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Галенка павіншаваў прысутных са святам, пажадаў спартсменам перамог.
Арганізатары спаборніцтваў азнаёмілі з умовамі іх правядзення. Традыцыйныя спаборніцтвы маюць звыклы набор спартыўных дысцыплін і сваіх лідараў. Таму гаспадары перад гасцямі мелі некаторую фору, што пацвердзілася ў час спаборніцтваў. У шашках не здаў сваіх пазіцый Васіль Корсак, машыніст помпаў, у настольным тэнісе — электрык Аляксей Бакуноў. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі самым трапным быў Мікалай Парэпка, інжынер кантрольна-вымяральных прыбораў. Найлепшы вынік у рыўку гіры паказаў Валерый Лыскоў, дарэчы самы старэйшы атлет. Усе названыя асобы прадстаўлялі ПС “Сянно”. Камунальнікі перамаглі ў дартсе (Аляксандр Кіслякоў) і ў самым масавым і відовішчным спаборніцтве перацягванні каната. Да спаборніцтваў наступнага года яны абяцалі падрыхтавацца лепш, каб узяць рэванш. А месцам правядзення сустрэчы прапанавалі зрабіць сваю тэрыторыю. Пярэчанняў не паступіла.
Наш кар.