З «НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТАЙ» — РАЗАМ

жУ адзін з лютаўскіх дней у глядзельную залу раённага цэнтра культуры і народнай творчасці былі запрошаны педагогі ўстаноў адукацыі Сенненшчыны, а таксама іх калегі з Верхнядзвінскага і Чашніцкага раёнаў. Арганізавала сустрэчу “Настаўніцкая газета”.
Прафесійнае выданне педагогаў абрала наш раён не выпадкова. Нашы настаўнікі актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта газеты па інфармацыйным узаемадзеянні з рэгіёнамі “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”. Аб гэтым на сустрэчы гаварыў галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Кнышаў.

За выдатную работу па сумесным праекце калектыву ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама ў асобе яго начальніка Івана Шчурка быў уручаны дыплом і каштоўны падарунак. Дыпломам і каштоўным падарункам сярод іншых быў узнагароджаны і аддзел адукацыі, спорту і турызму Сенненскага райвыканкама ў асобе начальніка аддзела Людмілы Аніськовіч. “Тое, што робяць педагогі тут, у Сенненскім раёне, у Віцебскай вобласці, па ўсёй рэспубліцы, заслугоўвае шчырага прызнання і пашаны”, — падкрэсліў у сваім выступленні Іван Шчурок.
На сустрэчы асобна былі адзначаны педагогі, якія найбольш актыўна і плённа супрацоўнічалі з “Настаўніцкай газетай“ на працягу мінулага года. Сярод іх — настаўніца Сенненскай сярэдняй школы №2 Вольга Віннік, намеснік дырэктара СШ №2 г.п.Багушэўск Святлана Казлова, настаўніца Машканскай ДССШ Таццяна Каранеўская. “Хачу выказаць словы ўдзячнасці газеце, якая дае магчымасць педагогам прапагандаваць усё лепшае, што ёсць у галіне адукацыі. Настаўніцтву Сенненшчыны таксама ёсць пра што расказаць на старонках свайго прафесійнага выдання. Асабіста для мяне “Настаўніцкая газета” стала добрай сяброўкай. У ёй я заўсёды магу знайсці адказы на пытанні, якія мяне цікавяць. Дзякуй нашай газеце за тое, што яна ёсць, што дае нам магчымасць паказаць сваю работу”,— падзякавала выданне ад імя настаўнікаў Таццяна Каранеўская, якая супрацоўнічае з “НГ” некалькі гадоў і ў 2011-ым таксама была адзначана сярод самых актыўных.
На памяць пра сустрэчу на сенненскай зямлі галоўнаму рэдактару “Настаўніцкай газеты” Вадзіму Кнышаву і начальніку абласнога ўпраўлення адукацыі Івану Шчурку былі ўручаны падарункі-сувеніры, зробленыя навучэнцамі Сенненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
У рамках інфармацыйна-рэкламнай акцыі “Будзем разам” для педагогаў быў падрыхтаваны канцэрт. “Настаўніцкая газета” запрасіла ў Сянно і вядомых артыстаў, і толькі пачынаючых сваю эстрадную кар’еру, а таксама самадзейныя калектывы і выканаўцаў з розных рэгіёнаў краіны. У зале была створана атмасфера сяброўства, шчырасці і творчасці. На сенненскай сцэне выступалі Пётр Ялфімаў, Іна Афанасьева, пераможцы конкурсу “Звонкая раніца”.
Не засталіся ў баку і нашы самадзейныя артысты. Сваёй творчасцю парадавалі вучань Ходцаўскай школы Уладзімір Ізотаў, танцавальны калектыў “Лілітоны”, вакальная група “Мерыдыян” і вакальнае трыа “Акцэнт” раённага цэнтра дзяцей і моладзі, настаўніца Ходцаўскай школы Галіна Данілава.
Акрамя таго, у фае Сенненскага цэнтра культуры і народнай творчасці госці маглі пазнаёміцца з выставай работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, падрыхтаванай сіламі педагогаў і навучэнцаў устаноў адукацыі раёна. Удзел у выставе прынялі нават дзіцячыя сады.
У заканчэнні мерапрыемства словы ўдзячнасці ад імя педагогаў Сенненшчыны за арганізацыю цікавай сустрэчы “Настаўніцкай газеце” выказала намеснік дырэктара Студзёнкаўскай школы Святлана Белікава.
І госці і сенненцы развіталіся вельмі задаволеныя такімі незвычайнымі і вельмі прыемнымі стасункамі.
Таццяна Буракова.
На здымках: у час сустрэчы, арганізаванай “Настаўніцкай газетай” у Сенненскім раёне.
Фота аўтара.