Масленічныя гулянні на Сенненшчыне
У суботу ў Багушэўску, а ў нядзелю ў Машканах мясцовыя жыхары і госці населеных пунктаў сталі ўдзельнікамі масленічных гулянняў.
Масленіца нашымі продкамі адзначаецца з найстаражытнейшых часоў. Яна ўваходзіла ў земляробчы каляндар і сімвалізавала абуджэнне прыроды: провады зімы і сустрэчу вясны. Згодна з хрысціянскімі канонамі Масленіцу адзначаюць напярэдадні вялікага посту. Але ва ўсе часы гулянне вызначалася сваёй шырынёй, дэманстрацыяй фізічнай сілы і спрыту, шчодрым ужываннем ежы і пітва.
Не страчана цікавасць да Масленіцы і зараз. Ва ўсякім разе і ў Багушэўску, і ў Машканах сярод удзельнікаў разнастайных конкурсаў, гульняў было шмат маладых людзей. Адзначым арыгінальную рэжысуру Масленіцы, рэалізаваную ў аграгарадку. Яе аўтар — Ірына Ільюшэнка, дырэктар Сенненскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Студэнтка-завочніца 6 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў рыхтуецца да абароны дыпломнай работы на кафедры рэжысуры, абрадаў і народных святаў.
З самага ранку ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Машканскага СДК на конным картэжу праехалі па вуліцах вёскі, запрашаючы на свята. Па цэнтры населенага пункта прадэфіліравала тэатралізаванае шэсце. Удзел у ім прынялі фальклорныя калектывы, традыцыйныя персанажы Масленіцы. На свяце ў Машканах з’явіліся новыя асобы. Самая каларытная з іх — Сеня Сенненскі. Апошнім часам абагулены вобраз сенненца актыўна прапагандуецца на розных забаўляльных мерапрыемствах, і не толькі мясцовага ўзроўню.
Масленіца даўно набыла ўстойлівыя формы, мае свае абрадавыя дзействы, гульні, песні. На прадстаўленні «Вітаем машканцаў» разам з імі выконваліся рэгіянальныя масленічныя песні. Агульнаславянскі абрад «Калода» трансфармаваўся ў сенненскую «Магеру». З яго дапамогай дзяўчаты імкнуліся наблізіць сваё замужжа. На машканскай Масленіцы ў гонар сонца і цяпла круцілі абруч і, нават, будзілі Мядзведзя, каб паскорыць прыход вясны. Сярод зімовых забаў асаблівай папулярнасцю карысталіся катанні на конях. Сёлета іх, праўда, давялося запрэгчы ў калёсы, ад чаго ахвочых пракаціцца не стала менш. Было як праявіць сябе моцным целам мужчынам. Яны мерыліся сілай у падняцці гіры, перацягванні канату, лезлі на слуп за прызамі.
У Машканах сабраліся лепшыя фальклорныя калектывы Сенненшчыны: «Макавея» Багушэўскага ДК, народны фальклорны ансамбль «Вечарынка», вакальныя групы Ходцаўскага і Машканскага СДК, Белаліпскага СК, клуб нацыянальнай кухні «Хадчаначка». Аматараў танцавальных рытмаў аб’яднала пляцоўка побытавых танцаў, якую арганізавалі ўдзельнікі тэатралізаванага шэсця. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці ігралі і выконвалі рэгіянальныя побытавыя танцы «На рэчаньку», «Падыспань», «Ходцаўская кадрыля», «Каробачка» і іншыя. Кожны калектыў удзельнічаў у конкурсе на лепшую масленічную ляльку. Цікавасць у гледачоў выклікала прэзентацыя. У ляльках з густам і фантазіяй майстры перадалі ўсе асаблівасці прыгажосці мясцовых жанчын. Машканцы і самадзейныя артысты з задавальненнем сталі ўдзельнікамі конкурсу «Смачны блінок».
У якасці арганізатараў Масленіцы ў Машканах выступілі мясцовы сельвыканкам і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Іх кіраўнікі Леанід Шаеў і Сяргей Мяцеліца ўручылі пераможцам конкурсаў прызы. Але самым галоўным і агульным прызам для ўсіх удзельнікаў Масленіцы стаў добры настрой, атрыманы на свяце.
І яшчэ адзін немалаважны нюанс машканскай Масленіцы. Падчас яе правядзення шырока ўжывалася беларуская мова. На ёй праводзіліся конкурсы, ёй карысталіся вядучыя, масленічныя персанажы. Мова вельмі арганічна знітавалася з дзействам і ад таго свята, якое супала з пахмурным надвор’ем, здалося па-вясноваму светлым.
Аляксандр ІЎЕЎ.