«СУПЕРМУЖЧЫНА-2015»

2+На Сенненшчыне прайшоў конкурс «СуперМужчына». Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня абаронцы Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, адбылося ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Конкурснай праграме папярэднічала афіцыйная частка, падчас якой сенненцаў са святам 23 лютага павіншавалі ваенны камісар Сенненскага райваенкамата Сяргей Пінчук, а таксама прадстаўнік ваенкамата Талачынскага раёна, унук ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і нашага земляка Канстанціна Фёдаравіча Атрошкіна Андрэй Атрошкін.
Пасля настаў час знаёмства з канкурсантамі. Пазмагацца за права звацца «Супермужчынам» сёлета на раённую сцэну выйшлі шасцёра сенненцаў, у іх ліку галоўны аграном ААТ «Белая Ліпа» Арцём Васілёнак, інжынер па тэхаглядзе транспартных сродкаў «АТП №20» Раман Коўшар, настаўнік СШ №2 г.Сянно Аляксей Падалінскі, праграміст Багушэўскага спіртзавода Валерый Бяляеў, начальнік групы прызыву райваенкамата Аляксандр Ахрамовіч, настаўнік Багушэўскай дзіцячай школы мастацтваў Іван Булгак.

Больш як тры гадзіны яны здзіўлялі гледачоў сваімі разнастайнымі талентамі. Падчас «візітоўкі» неабходна было арыгінальна прадставіць сваю кандытатуру. Разумовыя здольнасці і фізічную падрыхтоўку канкурсантаў праверылі ў інтэлектуальным і спартыўным конкурсах. Не абышлі ўвагай арганізатары і галоўны юбілей сёлетняга года — 70-годдзе Вялікай Перамогі. Удзельнікі і іх групы падтрымкі прысвяцілі гэтай падзеі тэатралізаваныя нумары.
Артыстызму прэтэндэнтам было не займаць. Маладыя людзі паўставалі ў самых розных вобразах. Да прыкладу, хтосьці ўявіў сябе «вялікім камбінатарам» Астапам Бэндэрам, а некаторыя з дапамогай групы падтрымкі пераўвасобіліся ў знакамітую дыска-групу 70-80 гадоў мінулага стагоддзя «Boney M».
За кожны конкурс жаночае журы прысуджала маладым людзям балы. У выніку ніхто з іх не застаўся без тытула. Так, самым элегантным вызначылі Валерыя Бяляева, а эрудзіраваным — Рамана Коўшара. «Містэрам пазітывам» прызналі Арцёма Васілёнка. Іван Булгак пакарыў гледачоў сваёй ігрой на баяне, але ў выніку хлопец стаў «Містэрам-спартсменам». Канкурсант з Багушэўска паказаў нядрэнныя фізічныя дадзеныя ў спартыўным конкурсе, які, дарэчы, праводзіла фітнэс-трэнер Сенненскай СДЮШАР Вольга Вераценнікава. Яна ж дапамагала ўдзельнікам справіцца і з апошнім спаборніцтвам гэтага вечара — выканаць танцавальны флеш-моб.
Прадстаўнік воінства і «Містэр артыстычнасць» Аляксандр Ахрамовіч даказаў, што сапраўднаму артысту мундзір не замінае. Падчас «візітоўкі» малады чалавек прадэманстраваў акцёрскія здольнасці ў гумарыстычнай сцэнцы пра прызыўную кампанію і навабранца, якога ён і сыграў. Варта адзначыць, што дапамагаў Аляксандру калектыў райваенкамата з самім ваенным камісарам.
Лідарства ж, прычым, з першага конкурсу захапіў Аляксей Падалінскі, чые яскравыя і поўныя гумару выступленні пакарылі гледачоў. А каманда з ліку калег-настаўнікаў толькі ўпрыгожыла іх.
Увогуле, варта адзначыць, што ўдзел у конкурсе — гэта работа не толькі саміх хлопцаў. Істотную дапамогу ў іх падрыхтоўцы аказалі калектывы арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, дзе працуюць канкурсанты.
У перапынках паміж конкурсамі для публікі гучалі песні ў выкананні Юрыя Дзямешчанкі, Карыма Хасанава, Аляксандра Мінёнка, ВІА «FREEDOM», вакальнай групы «Аптымісты», Юліі Шэхавай, Галіны Хурко, Юліі Крыўчанка, Марыі Шыбека, Вольгі Красноўскай.
Усе канкурсанты ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Віншуючы маладых людзей з мужчынскім святам, намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна адзначыла, што ўсе ўдзельнікі сёлетняга конкурсу годны называцца «Супермужчынамі», бо адважыліся выйсці на раённую сцэну і заявіць пра сябе так ярка і гучна.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.