«ХУТКАЯ ДАПАМОГА» ДЛЯ ВЯСКОЎЦАЎ

3+У аграгарадку Сінягорскае ўжо шмат гадоў загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта працуе Святлана Латышава.

Сельскі медработнік абслугоўвае жыхароў некалькіх населеных пунктаў. У абавязкі Святланы Міхайлаўны (на здымку) уваходзіць забеспячэнне першай медыцынскай дапамогай хворых, правядзенне дыспансерызацыі, прафілактычных аглядаў, выяўленне інфекцыйных захворванняў, прапаганда здаровага ладу жыцця. Да пацыентаў нярэдка прыходзіцца дабірацца пешшу, на папутках. Але без медыцынскай дапамогі ніхто не застаецца.
— Наш ФАП абслугоўвае 15 вёсак, — кажа Святлана Міхайлаўна. — Пражываюць у іх каля 650 чалавек.
Вяскоўцы да мясцовага доктара ставяцца добразычліва, з павагаю. Гэта не проста фельчар, а спецыяліст шырокага профілю. Яна ў адной асобе і тэрапеўт, і педыятр, і хірург, і хуткая дапамога.
Падчас масавых палявых кампаній работы ў жанчыны прыбаўляецца. З шасці гадзін раніцы яна ўжо знаходзіцца на мехдвары, правярае стан здароўя механізатараў перад іх выездам у поле.
Лёгкай работы ў сельскага медыка не бывае, але Святлана Латышава сваю працу палюбіла ўсім сэрцам. Яна ў прафесіі з 1989 года, скончыла Аршанскае медыцынскае вучылішча. Цяжка нават уявіць, а тым больш падлічыць, колькім людзям яна дапамагла за гэтыя гады.
Ларыса МУКАМОЛАВА.