У ТРЭНДЗЕ — СЕЛЬСКІ ЎКЛАД

2+Лічыцца, што ў горадзе для моладзі больш магчымасцяў: магазіны на кожным кроку, тэатры, кіно… Аднак, і ў вясковай глыбінкі ёсць свае перавагі над тлумным і мітуслівым мегаполісам. Да прыкладу, не трэба туліцца па здымных кватэрах, а можна жыць і ствараць свой утульны сямейны асяродак у прасторным доме на ўлонні прыроды. Апошнім часам многія маладыя сем’і выбіраюць для сябе жыццё ў вёсцы. З адной такой парай давялося пазнаёміцца ў час службовай камандзіроўкі ў аграгарадок Янова.

Некалькі месяцаў назад на Сенненшчыне быў зарэгістраваны шлюбны саюз Алега і Валянціны Кулік. Хлопец працуе механізатарам у ААТ «Бяленева», дзяўчына — галоўным эканамістам сельгасарганізацыі. Валя прыехала сюды з Аршаншчыны на адпрацоўку пасля заканчэння Смальянскага аграрнага каледжа. А як аказалася, Сенненская зямля падарыла ёй каханне і сямейны ачаг.
Кіраўніцтва ААТ «Бяленева» выдзеліла маладой сям’і дом. Валя і Алег ужо зрабілі там рамонт і зараз пакрысе ўладкоўваюць свой побыт. У іх планах завесці хатнюю жыўнасць. А як жыць на вёсцы і не мець падсобную гаспадарку!?
Ім не патрэбны выгоды гарадскога жыцця. Яны шчаслівыя ў вёсцы. І гэтым паказваюць прыклад астатнім маладым сем’ям, якія баяцца тут заставацца. Тым больш, Янова мае неабходную інфраструктуру, таму жыць у ім не толькі можна, але і модна.
Ірына ХАСАНАВА.

НА ЗДЫМКУ: Валянціна і Алег Кулік ля свайго дома.