РАСЦЕ БІЯТЛОННАЯ ЗМЕНА

+Першае месца ў сваёй узроставай групе ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па зімовым шматбор’і “Здароўе” Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь заняла вучаніца 5 класа СШ №1 г.Сянно Марыя Баркавец (на здымку).

Пяць гадоў назад Машу ў спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву (СДЮШАР) прывёў яе бацька Аляксандр Баркавец. Сам Аляксандр Іванавіч (між іншым, кандыдат у майстры спорту СССР) прызнаецца, што робіць усё магчымае, каб яго дачка дасягнула таго, чаго некалі не здолеў ён. Таму істотную дапамогу Маша атрымлівае менавіта ад бацькі. Часта разам абкатваюць лыжню, набываюць спартыўны інвентар і спецвопратку.
Прафесійна ж дзяўчынка займаецца ў трэнера Сенненскай СДЮШАР Валерыя Лектарава, які, дарэчы, выхаваў цэлую пляяду таленавітых спартсменаў. Варта толькі згадаць пра яго былую вучаніцу, ураджэнку Сянна Ірыну Крыўко, якая ў сёлетнім біятлонным сезоне выступае проста бліскуча. Нагадаем, што нядаўна на Кубку Свету ў чэшскім Нове-Место прайшла жаночая гонка праследвання, дзе Іра стала дзясятай.
Перспектыўнай спартсменкай лічыць Валерый Міхайлавіч і сваю маленькую выхаванку. Калі Маша будзе гэтак жа настойліва трэніравацца, яна можа стаць годнай зменай “беларускай ракеце” Дар’і Домрачавай, упэўнены ён.
Дарэчы, Віцебскую вобласць на шматбор’і “Здароўе” прадстаўлялі яшчэ два нашых земляка: Раман Мацкевіч (трэнер Валерый Лектараў) і выхаванка Аляксандра Окуня Вольга Мядзведзева. Абое ў агульным камандным заліку занялі 1 месца. Дамоў юныя спартсмены Сенненшчыны вярнуліся з медалямі і граматамі.
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.