УДЗЕЛЬНІК ПАРАДА ПЕРАМОГІ

+Пра ветэрана вайны, партызана, франтавіка, удзельніка гістарычнага Парада Перамогі ў Маскве на Чырвонай плошчы, ураджэнца вёскі Кругляны Уладзіміра Глебку ў Машканскай школе ведаюць даўно. Асабліва добра знаёмы з жыццёвым і ваенным шляхам Уладзіміра Ціханавіча экскурсаводы школьнага музея баявой і працоўнай славы.

Уладзіміру было сямнаццаць, калі разам з сям’ёй у сакавіку 1943 года ён пайшоў у партызанскі атрад. Гэтаму папярэднічаў данос некага з аднавяскоўцаў на старэйшага брата Сцяпана, які ўжо быў партызанскім разведчыкам (загінуў у 1944 годзе). Сям’ю адвезлі ў Багушэўск, у гестапа. Але пасля доўгіх допытаў адпусцілі. Аднак было ясна, што за хатай Глебкаў вядзецца назіранне. Вось тады і пайшлі ў лес, у брыгаду Аляксея.
Уладзімір стаў разведчыкам. Бацька Ціхан Сцяпанавіч шыў адзенне для партызан, маці Ульяна Паўлаўна гатавала ежу, сястра Люба была кулямётчыцай, Ганна — медсястрой. Пачалося жыццё поўнае небяспекі і трывог. Партызаны не сядзелі на месцы, выконвалі важныя заданні камандавання, у тым ліку і з Масквы.
Неяк ва Ушацкім раёне разведка выявіла нямецкага генерала на адпачынку ля возера. Тэрмінова далажылі ў Маскву. Там вельмі зацікавіліся такой важнай персонай. Для захопу з “Вялікай зямлі” прыслалі ўзвод дэсантнікаў і нават двух вадалазаў. Некалькі груп партызанскай разведкі павінны былі забяспечыць іх інфармацыяй аб становішчы ў наваколлі возера і, у першую чаргу, аб ахове генерала.
У рэшце генерала ўзялі ў палон. Але ў гэтай аперацыі Уладзімір Глебка атрымаў раненні ў руку, плячо і нагу, калі твар да твару сутыкнуўся з коннай разведкай немцаў. Выратаваў конь. Раны доўга не зажывалі, гнаіліся. А медыкаментаў амаль не было. Прыняць самалёт з “Вялікай зямлі” партызаны маглі толькі на возеры, чакалі надыходу маразоў. Калі паранены разведчык нарэшце быў дастаўлены ў падмаскоўны шпіталь, важыў ён каля 30 кг. Уладзімір спаў, не прачынаючыся, двое сутак. Медсёстры баяліся, што памрэ ў сне. Але вытрымаў беларускі хлопец.
У красавіку 1944 года Глебку накіравалі ў ваеннае вучылішча ў г.Разань. Але ён папрасіўся на фронт, і ў хуткім часе быў пераведзены ў 9-ю гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду рэзерву Галоўнакамандуючага. Удзельнічаў у баявых аперацыях, браў “языкоў”… І зноў атрымаў раненне. У кастрычніку 1944 года Уладзімір стаў курсантам 7-га вучэбнага паветрана-дэсантнага палка, які дыслацыраваўся ў г.Звянігарад.
У сорак пятым паспеў паўдзельнічаць у буйной аперацыі па ліквідацыі нямецкай баявой групоўкі ў Венгрыі.
У Германіі яшчэ лілася кроў, а Уладзіміра Глебку разам з іншымі маладымі салдатамі адправілі ў Маскву. Як потым стала вядома, рыхтаваўся Парад Перамогі. Цэлымі днямі адпрацоўвалі страявы крок у парку імя Горкага, а ўначы маршыравалі на Чырвонай плошчы, рыхтаваліся прайсці прыгожа і ўрачыста, з баявымі ўзнагародамі на грудзях перад трыбунамі Маўзалея.
Былі і потым у жыцці салдата ўрачыстыя парады, у час якіх ён не раз бачыў Жукава, Сталіна. Але пераможны парад застаўся ў памяці на ўсё жыццё.
Ваенную службу Глебка скончыў у званні лейтэнанта з ордэнамі Славы трэцяй, Айчыннай вайны другой ступені і медалямі.
У жыцці Уладзіміра Ціханавіча была яшчэ адна святая справа, якой служыў таксама аддана, як і абараняў Радзіму. Трыццаць гадоў адпрацаваў ён настаўнікам у школе суседняй з Машканамі вёскі Застадолле. Часта ветэран бываў і ў Машканскай школе. Не прапускаў ні адной гадавіны Перамогі. У такія дні з асаблівай увагай слухалі і настаўнікі, і вучні яго ўспаміны.
Хаця Уладзіміра Глебкі ужо няма з намі, але мы заўсёды памятаем пра яго. Дачка Уладзіміра Ціханавіча Ганна Уладзіміраўна перадала ў школьны музей фотаздымкі, іншыя матэрыялы, якія расказваюць пра бацьку. Гэтыя памятныя рэчы юныя краязнаўцы змясцілі ў невялікую экспазіцыю, прысвечаную ветэрану.
Матэрыялы, якія перадаюць у музей ветэраны і іх сваякі, дазваляюць больш падрабязна і праўдзіва расказаць пра вайну, яе герояў. Каб памяталі патомкі!
Дзмітрый Ціханаў,
член аб’яднанняў
па інтарэсах
“Памяць” і “Голас
юнага краязнаўца”,
вучань 11 класа
Машканскай ДССШ;
Таццяна Каранеўская,
кіраўнік аб’яднанняў.
На здымку: Уладзімір Глебка (першы злева) са сваімі баявымі таварышамі. Май 1944г.

Фота з музея школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *