ТАЛЕНТ БЫЦЬ ЗУБНЫМ УРАЧОМ

1Ці шмат вы бачылі людзей, якія ўсміхаюцца ў стаматалагічным крэсле?
Думаю, што не, бо мала хто са спакойным сэрцам ідзе да зубнога ўрача.
Калі я прыйшла да раённага стаматолага Надзеі Юсупавай, каб зрабіць матэрыял да прафесійнага свята зубных урачоў, яе пацыентка ўсміхалася нават з адкрытым ротам. Згадзіцеся, не кожны ўрач здольны выклікаць у хворага такі настрой і давер. А пра Надзею Віктараўну тыя, хто хоць раз «пабываў» у яе добрых руках, расказваюць як пра сапраўднага прафесіянала. І ў рэгістратуры раённай паліклінікі можна часта пачуць: «Мне да Юсупавай талончык».

…Калі Надзя хадзіла ў школу, усе, хто яе ведаў, думалі, што стане настаўніцай. Маці дзяўчынкі, Людміла Аксэнцьеўна, не адзін дзясятак гадоў адпрацавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Была нават класным кіраўніком у класе, дзе вучылася дачка. Відаць таму і Надзеі падабалася руская мова. Нават вучнёўскія сшыткі бралася правяраць. А яшчэ дзяўчынка любіла біялогію. І ўсе іншыя прадметы даваліся Надзі лёгка. Школу скончыла з залатым медалём.
Нездарма кажуць, таленавіты чалавек, таленавіты ў многім. Добры спецыяліст атрымаўся з дзяўчыны. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута і стажыроўкі ў Віцебскай абласной стаматалагічнай паліклініцы Надзея Віктараўна вярнулася ў Сянно і сямнаццаць гадоў працуе раённым стаматолагам у Сенненскай ЦРБ.
Цярплівая, спагадлівая да людскога болю, яна вельмі хутка заваявала прыхільнасць пацыентаў. З’явіліся пастаянныя кліенты, якія ўспамінаюць пра свайго зубнога ўрача не толькі тады, калі з’яўляюцца праблемы, многія тэлефануюць, каб павіншаваць са святамі, проста сказаць добрае слова.
За дзень кабінет раённага стаматолага наведваюць 15-20 чалавек. У час медыцынскага агляду дапрызыўнікаў даводзіцца прымаць да 50.
«Людзі часта не надаюць належнай увагі догляду зубоў ці робяць гэта няправільна.

А яшчэ для нашага рэгіёну характэрны недахоп фтору. Ды і зубнога ўрача многія наведваюць радзей, чым патрэбна. Нягледзячы на адсутнасць сімптомаў для лячэння, два разы на год чалавек павінен паказацца стаматолагу. Гэта ж тычыцца і дзяцей, прычым з нараджэння, — з веданнем справы расказвае Надзея Віктараўна. — Многія бацькі лічаць, што малочныя зубы не трэба лячыць, бо яны ўсё роўна памяняюцца. Гэта вялікая памылка. Хворыя малочныя зубы аказваюць дрэннае ўздзеянне на будучыя пастаянныя».
Наогул да дзяцей у зубнога доктара асаблівы падыход. Часта «цётачцы ў белым халаце» ўдаецца зрабіць тое, што бывае не пад сілу нават бацькам: супакоіць, угаварыць малога, каб той дазволіў зазірнуць у роцік.
Найбольш складанае ў рабоце стаматолага, лічыць Надзея Юсупава, выкананне эстэтычнай рэстаўрацыі, калі трэба зрабіць так, каб запламбаваны зуб нічым не адрозніваўся ад уласнага. Зубным урачам, як і іншым, даводзіцца дзяжурыць ноччу. І няхай гэта дзяжурства на даму, але ў любую хвіліну цябе могуць падняць з ложка. Такое здараецца ў выпадку аўтамабільных аварый ці неабходнасці аказання неадкладнай дапамогі пацыенту з перыястытам (пухлінай).
У вольны ад работы час Надзея Віктараўна займаецца кветкамі. Іх у яе шмат: і пакаёвых, і на клумбах каля дому. «Каб паліць тыя, што ў пакоях, патрэбна два вядра вады», — жартуе кветкаводка-аматарка. Асабліва падабаюцца ёй кактусы. Яшчэ любіць Надзея Віктараўна глядзець па тэлевізары спаборніцтвы па біятлоне. Біятланістаў можна паважаць за вынослівасць і імкненне да перамогі. Хаця сваю работу лёгкай таксама не лічыць. Праца стаматолага па ступені цяжкасці знаходзіцца на трэцім месцы сярод урачэбных спецыяльнасцей. Але доктар Юсупава не шкадуе аб зробленым выбары. Збіраецца адкрыць уласны стаматалагічны кабінет.
Урачом вырашыла стаць і старэйшая дачка Надзеі Віктараўны Вікторыя. Яна вучыцца на трэцім курсе лячэбнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта. А малодшая, шасцігадовая Аліна, хоча стаць менавіта стаматолагам.
Таццяна Буракова.
На здымку: раённы стаматолаг Надзея Юсупава за работай.
Фота аўтара.