КУРС НА АЛІМПІЯДУ

1

Завяршыўся чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па грэка-рымскай барацьбе. перамогу ў вагавай катэгорыі 59 кг святкаваў Максім Кажарскі. Спасцігаць спартыўнае майстэрства ён пачаў у Анатоля Кучынскага, трэнера Сенненскай ДЮСШАР. Пазней вучыўся ў Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, зараз займаецца ў Віцебскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі.

На малую радзіму Максім прыязджае пасля кожнай значнай перамогі. І заўжды наведваецца да свайго першага трэнера.
— Дома адпачываеш не толькі фізічна. Наступае псіхалагічная разгрузка. Не зайсці да Анатоля Леанідавіча я таксама не магу. Ён уважліва сочыць за маімі спартыўнымі дасягненнямі, пастаянна тэлефануе нават у час спаборніцтваў. Яго падказкі дапамагаюць нават у паўсядзённым жыцці. А на гэты раз наведацца была яшчэ адна нагода. Я павінен быў перадаць грамату Міністэрства спорту і турызму — за падрыхтоўку пераможцы чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, — расказаў Максім Кажарскі.

Наш зямляк даволі вядомы спартсмен. Не раз дастойна выступаў на міжнародных турнірах самага высокага ўзроўню. А перамогі на першынстве краіны Максім дасягае ў трэці раз. Сёлетняя дарагая асабліва. Нядаўна спартсмен змяніў вагавую катэгорыю. Яго любімая — да 55 кг — у дарослым першынстве знікла. У выніку прыкметна вырасла канкурэнцыя, якую да таго ж узмацнілі выхаванцы каўказскай школы класічнай барацьбы. У фінале Максім перамог Харшуда Бабашова, а трэцяе месца занялі Саслан Даураў і Элбек Тажыеў. З апошнім ён змагаўся за пуцёўку на Пекінскую Алімпіяду. Тады Максім саступіў, бо атрымаў сур’ёзную траўму. Але барацьба працягваецца. Наперадзе еўрапейская і сусветнае першынствы. Хто на іх будзе абараняць гонар Беларусі, высветліцца ў бліжэйшы час на турнірах Гран-пры, якія пройдуць у Харватыі, Венгрыі і Турцыі. А там зноў можна прэтэндаваць на алімпійскую пуцёўку. На самыя высокія вынікі арыентуе спартсмена і яго цяперашні трэнерскі штаб у складзе Аляксандра Серадохава, Пятра Шашкова і Ігара Каныгіна. Максіму Кажарскаму толькі 29 гадоў, самы прадукцыйны ўзрост для класічнай барацьбы.
Аляксандр ЛАЗЮК.
НА ЗДЫМКУ: Максім Кажарскі, чэмпіён Рэспублікі Беларусь 2015 года па грэка-рымскай барацьбе.
Фота аўтара.