Выбар зрабіў свядома

2Пасля заканчэння Лужаснянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Аляксандр Воранаў працуе ветфельчарам у ААТ «Сінягорскае». Сам хлопец сенненскі, таму вярнуцца ў родныя мясціны маладому спецыялісту было асабліва прыемна.

Аляксандр свядома зрабіў свой выбар, калі паступаў у навучальную ўстанову. Яго бабуля, Марыя Ільінічна Воранава, была перадавой даяркай сельгаспрадпрыемства «Полымя». Унук прыходзіў з бабуляй на ферму і стараўся ва ўсім ёй дапамагаць. У сельгасвытворчасці працавалі яго дзядзя і цёця. Таму пасля заканчэння сярэдняй школы ў юнака сумненняў не было — трэба ісці ў тую прафесію, пра якую ён ужо нямала ведае.
Вакцынацыя, лячэбная дапамога хворай жывёле — асноўныя абавязкі маладога спецыяліста. Ён сочыць за станам здароўя кароў, нованароджаных цялят, бычкоў на адкорме і дарошчванні на жывёлагадоўчых аб’ектах «Комплекс», «Сінягорскае».
Калектывам Аляксандр Воранаў задаволены, прынялі яго добра, аказалі неабходную падтрымку. Адміністрацыя ААТ «Сінягорскае» паклапацілася аб тым, каб у маладога чалавека было жыллё. Яму выдзелілі службовы дом у Сянне.

Як прызнаецца Аляксандр, пачынаць заўсёды складана: адначасова трэба ўспомніць тое, чаму вучылі ў каледжы і правільна прымяніць атрыманыя веды на практыцы. Вопыту яшчэ не хапае, але парады і дапамога кіраўніка гаспадаркі Уладзіміра Аляксандравіча Сухвала, ветурача Дзмітрыя Анатольевіча Яроменкі, заатэхніка Ірыны Міхайлаўны Гарбачовай і іншых дапамагаюць хлопцу адчуваць сябе больш упэўнена. «Гэта вельмі важна, калі цябе разумеюць і падтрымліваюць», — гаворыць Аляксандр. І сам ён імкнецца заслужыць павагу кіраўніцтва, сваіх старэйшых калег. Ды і ў грамадскай рабоце сельгаставарыства Аляксандр стараецца быць актыўным. Зараз ён збірае ўсіх неабыякавых да здаровага ладу жыцця, спорту, каб арганізаваць каманду, якая будзе адстойваць гонар гаспадаркі ў розных спартыўных спаборніцтвах.

Папрацаваўшы ўжо некаторы час у жывёлагадоўлі, Аляксандр Воранаў не змяніў меркавання адносна выбранай прафесіі, не страціў да яе цікавасці. Работа падабаецца. У планах — набыць вышэйшую адукацыю, каб быць сапраўдным майстрам сваёй справы. А пакуль што, малады спецыяліст набіраецца вопыту ў ААТ «Сінягорскае» і стараецца добрасумленна выконваць свае абавязкі.
Ларыса МУКАМОЛАВА.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Воранаў, малады спецыяліст ААТ «Сінягорскае».
Фота Ірыны ХАСАНАВАЙ.