Пачэсная прафесія

1У апошні час прафесія механізатара не карыстаецца папулярнасцю ў сучаснай моладзі, бо патрабуе вялікіх фізічных намаганняў, ды камфортнасцю не вызначаецца. Маладыя людзі жадаюць атрымліваць добрую зарплату, не прыкладваючы асаблівых старанняў. Аднак, ёсць і тыя, для каго праца механізатара — занятак для душы, яго прызванне.

Усё гэта можна аднесці да Аляксея Прыстаўкі. Ён з дзяцінства захапляўся тэхнікай, таму і выбраў сабе жыццёвы шлях, звязаны з ёй. Вучыўся ў Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы па спецыяльнасці «Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне АПК». У час практыкі працаваў памочнікам камбайнера ў ААТ «Сінягорскае» і па заканчэнні вучобы без ваганняў вярнуўся на малую радзіму. Ужо паўгода Аляксей рупіцца ў роднай гаспадарцы. Летам і восенню ў асноўным быў задзейнічаны на адвозцы кармоў, удзельнічаў на прэсаванні сена (120 т) і саломы (600 т). Зімой дапамагае жывёлаводчай галіне.
Працаваць на зямлі для яго высокі гонар. І няхай Аляксей Прыстаўка яшчэ не вызначыўся высокімі паказчыкамі, будзем упэўнены, малады механізатар сябе яшчэ пакажа.
Інжынер
працаёмкіх працэсаў
У ААТ «Сінягорскае» ім працуе Руслан Падалінскі. Прафесія вельмі важная, нялёгкая. Малады спецыяліст аб’язджае фермы гаспадаркі, кантралюе функцыянаванне тэхнічнага працэсу: спраўнасць агрэгатаў па водапаенні жывёлы, падагрэве вады, гноевыдаленні. Маючы такую ж адукацыю, як і яго сябар Аляксей, Руслан сам здольны адрамантаваць няспраўнасці, падскажа, якую дэталь неабходна замяніць. І пачынаў «студзёнкаўскі» хлопец таксама трактарыстам і механікам у ААТ «Сінягорскае». «Падабаецца ў жалезках капацца», — прызнаецца Руслан.
Кажуць, што вярнуцца на Радзіму — гэта лепшая доля для чалавека. Хлопец згодны з гэтымі словамі: на тутэйшай зямлі ён знайшоў і сваю другую палавінку, ажаніўся, тут плануе гадаваць сваіх дзяцей (хутка Руслан стане татам). Жыллём маладую сям’ю гаспадарка забяспечыла.
Чаму б і не жыць на ціхай урадлівай зямлі, займацца справай па душы, у сямейным шчасці?
Ірына ХАСАНАВА.
Фота аўтара.