Ачысціцца духоўна, умацавацца фізічна

1Хрышчэнская вада ў народзе лічыцца цудадзейнай. Для вернікаў хрысціян таму, што некалі ў гэты дзень Іісус Хрыстос быў ахрышчаны ў Іардане. А людзі даведаліся — адзіны Бог існуе ў трох іпастасях: Айца, Сына і Святога Духа.
Напярэдадні 19 студзеня ў праваслаўных хрысціянскіх храмах адбываецца асвячэнне вады. І не толькі ў храмах, на рэках, азёрах таксама. Людзі прыходзяць сюды, каб акунуцца ў палонку або набраць святой вады, каб акрапіць жыллё.

Ва ўсякім разе такую магчымасць мелі сенненцы. Пасля вячэрняй літургіі ў мясцовым праваслаўным храме адбыўся хрэсны ход да возера. Ахвочыя, а сярод іх было шмат моладзі, жанчын і, нават, дзяцей, маглі выпрабаваць свой дух і цела ў ледзяной купелі. Купанне праводзілася пад наглядам. На беразе возера прысутнічалі медыцынскія работнікі, выратавальнікі, прадстаўнікі іншых спецыяльных службаў. У райвыканкаме было прынята спецыяльнае распараджэнне ў сувязі з арганізацыяй купання ў возеры.
Акунуцца ў азёрную ваду людзі прыходзілі і назаўтра днём. Пераважна групамі. Для большасці гэтых людзей купанне на Вадохрышча ў ледзяной вадзе — добрая, штогадовая традыцыя. У гэтым годзе выпрабавалі сябе ў зімовай вадзе работнікі раённага аддзела ўнутраных спраў, разліковага цэнтра № 218 г. Сянно ААБ «Беларусбанк». Заўважым, што сярод банкаўскіх маржоў большасць складалі жанчыны. Існуе традыцыя купання на Вадохрышча і ў калектыве ПС «Сянно». Яе заклаў Аляксандр Малчанаў. Сёлета ў групе аматараў зімовага купання з’явіліся новыя, маладыя людзі, што вельмі ўзрадавала Аляксандра Леанідавіча.
Купанне ў зімовай купелі на Вадохрышча адбывалася не толькі ў Сянне. Выпрабоўвалі свае фізічныя і духоўныя сілы ў ледзяной вадзе багушэўцы, хадчане, экстрэмалы іншых населеных пунктаў Сенненшчыны.
Экстрэмальным зімовае купанне называюць і медыцынскія работнікі. Ва ўсякім разе яны раяць прывучаць арганізм да воднай працэдуры паступова, пачынаючы з лета. Толькі пры такой умове купанне прыносіць карысць арганізму. Разавыя акунанні ў халодную ваду могуць адмоўна адбіцца на здароўі.
Святкаванне Вадохрышча мае даўнія традыцыі. У нашых продкаў напярэдадні свята было прынята вечарам ісці ў царкву, каб прыняць удзел у літургіі, паспавядацца і прычасціцца. Але гэта было яшчэ і сямейнае свята. Родныя збіраліся за сталом разам, вялі няспешныя бяседы. І сачылі за надвор’ем. Па народных прыкметах спрабавалі прадказаць, якім яно будзе. А таму з поўнай упэўненасцю можна казаць, што ў хрысціянскім свяце захоўваюцца водгукі больш старажытных вераванняў. Вераванняў у прыроду, у еднасць чалавека і навакольнага асяроддзя.
Наш кар.

НА ЗДЫМКУ: у ледзяной купелі работнікі ПС «Сянно».