Сем дыпломаў з абласной выставы

0Падведзены вынікі абласной выставы-конкурсу фітадызайну “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Гэта мерапрыемства Віцебскі палац дзяцей и моладзі праводзіць штогод у канцы снежня з мэтай фарміравання ў навучэнцаў экалагічнай пісьменнасці і беражлівых адносін да прыроды, развіцця творчых здольнасцей і эстэтычнага густу дзяцей.

У пяці намінацыях выставы-конкурсу прынялі ўдзел 320 навучэнцаў, якія прадставілі 132 работы. У конкурсе ўдзельнічалі 20 работ, створаных юнымі фітадызайнерамі з устаноў адукацыі нашага раёна, сем з іх былі адзначаны ўзнагародамі.
Два дыпломы першай ступені атрымалі падапечныя настаўніцы Беліцкай школы Ірыны Стайновай: у намінацыі “Святочная ёлка” — калектыў аўтараў, у намінацыі “Фларыстычная цацка” — Дар’я Валчкова.
Дыпломамі другой ступені былі адзначаны калектыў аўтараў з СШ №2 г.Сянно пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Сірэнка (“Ледзяное дыханне”) і вучаніца СШ №1 Дар’я Пахамовіч (кіраўнік Алена Польская, “Сімвал года”).
Дыпломы трэцяй ступені абласной выставы-конкурсу атрымалі выхаванцы настаўніцы Машканскай ДССШ, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі Таццяны Каранеўскай: калектыў аўтараў за работу ў намінацыі “Святочная ёлка” і Рамана Стук за фларыстычную цацку. Дыпломам трэцяй ступені была таксама адзначана работа вучаніцы Беліцкай ДССШ Аляксандры Валчковай у намінацыі “Сімвал года” (кіраўнік Галіна Данілава).
Работы-пераможцы навучэнак Беліцкай школы цяпер прымаюць удзел у рэспубліканскім этапе конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”.

Наш кар.
На здымку:(злева направа) Іна Кукушкіна, Аляксандра Петухова, Дар’я Валчкова каля сваёй святочнай ёлкі, якая адзначана дыпломам першай ступені ў абласным конкурсе.