Праз вучобу да вытворчасці

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКіраўніцтва  раёна заклапочана падрыхтоўкай сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавых палявых работ. У жывёлагадоўлі шмат сур’ёзных праблем, якія стрымліваюць рост вытворчасці малака і мяса. Менавіта таму па ініцыятыве Васіля Чарадніка кожны тыдзень у адной з сельгасарганізацый раёна будзе праводзіцца вучоба кіраўнікоў і спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. Першы семінар з гэтай серыі прайшоў у ААТ «Ульянавічы» (на здымку).

Вясной у гаспадарцы яравымі культурамі будзе засеяна плошча ў 1400 га, пры тым, што трэба будзе ўзараць каля тысячы гектараў глебы. Як задачу вырашыць у гаспадарцы, дзе толькі два пасяўныя агрэгаты, старэнькая сеялка СЗУ пры недахопе глебаапрацоўчай тэхнікі, да рамонту якой толькі прыступілі? На гэтае пытанне, пастаўленае старшынёй райвыканкама, спрабавалі адказаць не толькі кіраўнік акцыянернага таварыства Уладзімір Багданоўскі, але і яго спецыялісты. Першай свае довады правяла эканаміст гаспадаркі Галіна Пахамовіч. Да размовы далучыліся Алена Стрыжэннікава, галоўны эканаміст СУП «Саўгас імя Машэрава», Галіна Фралова, намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы.

— Задача спецыялістаў сельгасарганізацыі ў сённяшніх абставінах — працаваць над вырашэннем канкрэтных праблем, па меншай меры, бачыць, як яны могуць вырашыцца, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, — падкрэсліў Васіль Чараднік. У час размовы ўдзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што зараз галоўную стаўку трэба рабіць на рамонт прычапных глебаапрацоўчых агрэгатаў. Тым больш, што на гэтыя мэты выдадкоўваецца каля 1 млрд рублёў з раённага бюджэта.
Удзельнікі вучобы пабывалі на машынным двары ў майстэрні і дыспетчарскай сельгасарганізацыі. У кола абмяркоўваемых праблем патрапілі ўмовы працы механізатараў, яе аплаты, а таксама захаванне матэрыяльных каштоўнасцей. Для кантролю за выкананнем вартаўнікамі сваіх абавязкаў у сельгасарганізацыях раёна ўкараняецца так званая жэтонная сістэма.
На МТФ «Цэнтральная» размова пайшла пра тое, як нарошчваць вытворчасць жывёлаводчай прадукцыі, у першую чаргу, малака. Спецыялістам ААТ «Ульянавічы» ўдаецца гэта рабіць. Сярэднясутачныя надоі на карову ў гаспадарцы вышэйшыя, чым летась. Росту прадукцыйнасці садзейнічаюць рэгулярныя прагулкі жывёлы, сбалансаваны рацыён кармлення. Нават у загонах для выгулу жывёла можа падсілкавацца. Асноўны корм, які складаецца з сумесі сіласу і сенажу, знаходзіцца ў памяшканні фермы, раздаецца двойчы на суткі. «Зрэдку здараюцца выключэнні», — дадаў у канцы свайго расказу Уладзімір Багданоўскі. Яго словы не пакінуў без каментарыяў старшыня райвыканкама. «Ніякіх выключэнняў. Іх не тое што на практыцы, у думках дапускаць нельга, бо гэта ўплывае на вашу псіхалогію, псіхалогію людзей, занятых у жывёлагадоўлі», — упэўнены Васіль Чараднік.
Пацверджанне яго слоў знайшлося ў памяшканні, дзе ўтрымліваецца жывёла. На кармавы стол была пададзена сумесь, у складзе якой пераважаў груба парэзаны сілас з кукурузы. І ў гэтым бачацца пэўныя падыходы людзей да справы, узровень адказнасці, нарэшце, разуменне важнасці той ці іншай тэхналагічнай аперацыі.
Падводзячы вынікі наведвання ААТ «Ульянавічы», начальнік райсельгасхарчу Леанід Хірэвіч зрабіў вывад, што падобныя мерапрыемствы — гэта не толькі вучоба. Семінары трэба расцэньваць як своеасаблівую справаздачу калектываў перад калегамі і кіраўніцтвам раёна.
Аляксандр ІЎЕЎ.