2014 — год выпрабаванняў
У канцы мінулага года ў кватэры Анжэлы Ліманскай, дзе яна жыве з маленькім сынам, пабывала шмат гасцей. У прыватнасці, яе наведалі супрацоўнікі аддзела прымусовага выканання Сенненскага раёна на чале з Юліяй Петуховай і вядучым спецыялістам раённага суда Марынай Рабцавай. І ўсе з падарункамі, словамі падтрымкі, якія так неабходны маладой маці.
Анжэла Ліманская мінулы год лічыць для сябе годам выпрабаванняў. У маі яе сын Валера пастановай камісіі па справах непаўналетніх Сенненскага раёна быў прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, адабраны ў маці і змешчаны ў Віцебскі абласны спецыялізаваны Дом дзіцяці. Па рашэнні суда Анжэла Ліманская павінна была кампенсаваць расходы, панесеныя ўстановай, на ўтрыманне сына. Маладая жанчына на працягу пяці месяцаў рабіла ўсё магчымае, каб даказаць грамадству і ўладам, што яна ў стане стварыць неабходныя для жыцця сына ўмовы, будзе імкнуцца выхоўваць яго дастойным чалавекам. Даказаць шчырасць, цвёрдасць сваіх намераў для Анжэлы было справай прынцыпу яшчэ і таму, што яна вырасла ў інтэрнаце для сірот. Пасля заканчэння школы і навучальнай установы дзяржава, згодна з заканадаўствам, прадаставіла ёй жыллё.
Разам з падарункамі для дзіцяці ў адрас маладой маці прагучала шмат шчырых слоў падтрымкі і ўпэўненасці, што ў іх далейшым жыцці не будзе месца для памылак, здольных разбурыць сям’ю.
Наш кар.
НА ЗДЫМКУ: Анжэла і Валерый Ліманскія разам з гасцямі Юліяй Петуховай і Марынай Рабцавай.
Фота аўтара.