Выконваючы сацыяльны заказ

IMG_2900++++У Студзёнкаўскай ДССШ прайшоў Дзень выканкама. У традыцыйнай для Сенненшчыны форме работы з насельніцтвам прынялі ўдзел большасць членаў раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Васілём Чарадніком, а таксама старшыня Студзёнкаўскага сельвыканкама Алег Барытка, кіраўнікі акцыянерных таварыстваў «Студзёнка» Пётр Сазановіч і «Сінягорскае» Аляксандр Сухвал.

Увага ўлады да ўстаноў адукацыі тлумачыцца тым, што  педагогі, асабліва ў сельскай мясцовасці, застаюцца галоўнымі прапагандыстамі асноў дзяржаўнай ідэалогіі, нясуць значную нагрузку ў сістэме сацыяльна-культурных устаноў.

Даведка. Студзёнкаўская ДССШ — самая маладая ў раёне ўстанова адукацыі. Яна пачала працаваць у 1989 годзе, пасля таго, як быў узведзены сучасны будынак, дзе заняткі праходзяць і зараз.

            У 2014 — 2015 навучальным го­дзе ў школе навучаюцца і выхоўваюцца 114 вучняў і 32 дашкольнікі. За адной партай, у адных групах займаюцца адораныя і звычайныя дзеці, дзеці, якія маюць патрэбу ў карэкцыйна-развіваючым навучанні.

Па выніках 2014 года школа стала лепшай у рэйтынгу сельскіх агульнаадукацыйных навучальных устаноў.

У 2013 — 2014 навучальным годзе якасць ведаў вучняў школы склала 50,68%, што вышэй сярэднераённага паказчыка на 6,5 %.

Школа — не толькі навучальная ўстанова

            IMG_2951++++За ўсімі гэтымі ліч­бамі і фактамі ляжыць напружаная праца педагагіч­нага калектыву і адміністрацыі школы. З 25 педагогаў 72 % маюць вышэйшую адукацыю, 28 % — сярэднюю спецыяльную, 2 чалавекі  вучацца ў ВНУ.  Вышэйшую катэгорыю маюць  36 % педагогаў калектыву.

Са студзеня 2012 года на базе школы функцыянуюць рэсурсныя цэнт­ры: «Вучэбная работа і факультатыўныя заняткі» (кіраўнік С.А. Белікава) і прадметны «Хімія» (Н.В. Печанькова). Павышэнню якасці адукацыі безумоўна дапамагаюць факультатыўныя заняткі. Імі ахоплена 99 % вучняў. 85 % школьнікаў наведваюць заняткі па інтарэсах.

Усё гэта дапамагае дзецям паспяхова засвойваць вучэбныя прадметы, займацца доследнай працай, паступаць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы. У час правядзення Дня выканкама настаўнікі, вучнёўскі актыў школы, госці пазнаёміліся з сачыненнем вучаніцы 9 класа Вольгі Гарбачовай, якая стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу сачыненняў «За што я люблю вёску», што праводзіўся ГА «Беларускі саюз жанчын».

Дарэчы, у школе пра­цуюць арганізацыі, якія прадстаўляюць многія грамадскія аб’яднанні, у тым ліку моладзевыя. Іх намаганнямі, пры іх удзеле праводзіцца не толькі работа ў школьным калектыве, з вучнямі і іх бацькамі. Азеляненне школьнай тэрыторыі, удзел у разнастайных акцыях, грамадскакарыснай працы, дапамога ветэранам вайны — далёка не поўны пералік іх добрых спраў.

Своеасаблівым брэн­дам педагагічнага калектыву стала група «Дыскатэка-80-х». Самадзейныя артысты не раз адзначаліся на розных конкурсах у раёне і вобласці, часта выступаюць перад аўдыторыяй у сельскіх клубах і дамах культуры.

У школе створана добрая матэрыяльная база для заняткаў спортам, а прапаганда здаровага ладу жыцця для педагагічнага калектыву стала адной з галоўных і надзённых задач. У спартыўных секцыях заняты 94 % вучняў. Заняткі праходзяць у вячэрні час і суботу. На парадку дня — больш масавае прыцягненне да спартыўных заняткаў рабочай моладзі сельгасарганізацыі. У школе створаны ўсе ўмовы.

Мэтанакіраваная работа па папулярызацыі заняткаў спортам, здаровага ладу жыцця адбілася на выніках  удзелу вучняў школы ў раённай спартакіядзе. У 2011—2012 навучальным годзе студзёнкаўцы занялі 10-е месца, праз год — 6-е, летась — 4-е. Павялічваецца колькасць дзяцей з першай групай здароўя.

 Сацыяльны заказ  школы

          IMG_2946++++  У аснову работы калектыву Студзёнкаўскай ДССШ, кожнага педагога пакладзены сістэмны падыход. І не толькі ў аргані­зацыі навучальна-выхаваўчага працэсу. Прывабна выглядаюць прышкольная тэрыторыя, класныя пакоі. Для членаў выканкама была наладжана экскурсія па школе. У прыватнасці, яны пазнаёміліся з выставай творчых работ вучняў, пабывалі ў музеі прыроды і этнаграфічным музейным пакоі. У якасці экскурсаводаў выступілі стар­ша­класнікі. А вось са зборам старажытных кніжных выданняў гасцей знаёміў настаўнік гісторыі А.П. Стрыжнёў. Пабывалі госці і на адкрытых уроках, выхаваўчых мерапрыемствах, падрыхтаваных педагогамі.

З асаблівым нецярпеннем і хваляваннем чакалі госці і гаспадары «круглага стала». Яго назва «Дыялог па сутнасці», не кажучы пра форму, мела на ўвазе шчырую размову па шырокім коле праблем.

А пачалася гутарка з пытанняў, адрасаваных вучнямі старэйшых класаў (яны таксама прымалі ўдзел у «круглым стале») старшыні райвыканкама. Васіль Чараднік шчыра адказваў нават на тыя, што насілі асабісты характар. Школьнікі, у прыватнасці, пацікавіліся ўражаннямі кіраўніка раёна ад першых месяцаў працы на Сенненшчыне, кім ён марыў стаць, калі вучыўся ў школе. Сту­дзёнкаўцы-старшакласнікі хацелі б ведаць перспектыву развіцця свайго аграгарадка, раёна. Прапаноў­валі тэмы для абмеркавання і настаўнікі. У выніку ўдзельнікі дыялогу прыйшлі да вываду — будучыню, перспектыву населенага пункта, сельгасарганізацыі вызначаюць людзі, якія тут жывуць і працуюць. У першую чаргу — маладыя. А таму ўлады  чакаюць ад іх ініцыятывы, прапаноў.

Завяршыўся дзень выканкама ў Студзёнкаўскай ДССШ невялікім канцэртам. У ім вучні і педагогі прадэманстравалі не толькі свае творчыя таленты. Канцэрт стаў своеасаблівай справаздачай калектыву аб рабоце. А Дзень выканкама — яшчэ адным сведчаннем, што сельская навучальная ўстанова, нягледзячы на павышэнне агульнаадукацыйнага ўзроўню вяскоўцаў, застаецца цэнтрам прыцягнення насельніцтва. Больш таго, роля школы павышаецца ў сувязі са скарачэннем сеткі клубаў і бібліятэк у культурным, патрыятычным і ідэалагічным выхаванні насельніцтва. Педагогі школы, як заўважыў Уладзімір Касьянаў, кіраўнік навучальнай установы, разумеюць задачы, пастаўленыя перад імі часам, і гатовы іх выконваць.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

НА ЗДЫМКАХ: членаў раённага выканаўчага камітэта вітаюць школьнікі; класны час «Мая вёска» праводзіць настаўніца пачатковых класаў Т.А. Філіповіч; знаёмства з выставай старажытных кніг.

Фота аўтара.