Парад Дзедаў Марозаў і Снягурак даў старт навагоднім і калядным святкаванням на Сенненшчыне
Звыш за 20 пар Дзедаў Марозаў і Снягурак, якія прадстаўлялі арганізацыі, прадпрыемствы, установы адукацыі і культуры, у тым ліку сельскія клубы, раёна, прайшліся па галоўнай вуліцы Сянна пад мелодыі навагодніх хітоў у выкананні духавога аркестра і дзяўчат-барабаншчыц. Па традыцыі парад галоўных зімовых чараўнікоў дае пачатак навагоднім святкаванням на Сенненшчыне.
Асаблівую маляўнічасць шэсцю надалі казачныя персанажы, героі народных гулянняў. Узначаліла парад сама Снежная Каралева.
Канцавым прыпынкам святочнай працэсіі стала цэнтральная плошча, дзе яе з нецярпеннем чакалі шматлікія жыхары і госці райцэнтра. Сярод іх было шмат сем’яў з малымі дзеткамі, менавіта для іх гэты зімовы вечар стаў сапраўднай казкай.
Ужо са сцэны ўдзельнікі парада віншавалі сенненцаў з надыходзячым Новым годам. Акрамя таго, яны спявалі песні, забаўлялі, запрашалі ў гульні і конкурсы дзяцей і дарослых. А Дзядулі і іх Унучкі прыемна ўразілі гледачоў незвычайным флэшмобам, выканаўшы сучасную танцавальную кампазіцыю.
Самай доўгачаканай падзеяй навагодняга прадстаўлення стала адкрыццё галоўнай ёлкі. Для гэтага на сцэну выйшаў галоўны Дзед Мароз. Запаліць зялёную прыгажуню атрымалася з першай спробы. Пасля чаго вакол ёлкі, ззяючай рознакаляровымі агеньчыкамі, закружыліся карагоды.
Дзятва з задавальненнем фатаграфавалася з навагоднімі персанажамі. Кожны мог расказаць зімовым чараўнікам вершык і атрымаць прысмакі. Даведацца, што чакае ў 2015-м, можна было ў гаспадыні будучага года — Казы.
Дарэчы, Дзядулі Марозы і Снягуркі таксама не засталіся без падарункаў. За удзел у парадзе ўсе навагоднія пары ўзнагароджаны дыпломамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і салодкімі прызамі. Асобна арганізатары адзначылі ў намінацыі «Самая дружная кампанія» вакальную групу «Аптымісты».
Вольга БАНДАРЭВІЧ.