Ёлка 1812

IMG_3096  Здаецца, мінулі тыя часы, калі навагоднія ёлачныя ўпрыгожанні рабіліся ўручную. Цяпер усё можна купіць у крамах, на рынку. Выбар навагодняй атрыбутыкі, якую прапануе гандаль, перасягае любую фантазію. Аднак большасць з гэтага — шматразова штампованы тавар (прычым пераважна кітайскай вытворчасці і невысокай якасці). І, адкрываючы кашалёк, не варта разлічваць на эксклюзіўнасць.

У гэтым упэўнена і настаўніца сярэдняй школы №2 г.Сянно Вольга Лісоўская. У яе руках, здаецца, любая рэч, матэрыял ператвараюцца ў дызайнерскую «разыначку». Напрыклад, вось гэтыя шарыкі на ёлачцы (на здымку) зроблены… з газеты. «Працэс нагадвае тэхніку пап’е-машэ і дастаткова працаёмкі. Каб зрабіць 14 шарыкаў, спатрэбілася два месяцы. Але такі я чалавек: калі ў мяне ўзнікла ідэя, не адступлюся, пакуль яе не ажыццяўлю», — прызнаецца майстрыха.

Адно з захапленняў былой выпускніцы мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта —гісторыя. Вольга — сааўтар шэрагу кніг вядомага краязнаўцы Васіля Бандарэвіча. Таму не выпадкова, што ў сваіх работах яна нярэдка сумяшчае мастацкае і гістарычнае. Гэты набор ёлачных упрыгожанняў Вольга прысвяціла ўдзельнікам вайны 1812 года. Нават колеры  шарыкаў адпавядаюць колерам мундзіраў абодвух войск. Французы — у сінім, рускія — у зялёным.

На галінках мірна суіснуюць Напалеон з Кутузавым, іх бліжэйшыя паплечнікі. Дарэчы, некаторыя французскія і рускія палкаводцы дзейнічалі на тэрыторыі тагачаснага Сенненскага павета, у які, напрыклад, у той час уваходзіла і Астроўна, дзе адбылася знакамітая бітва пачатку вайны. Пакінулі свой след у гісторыі Сенненшчыны маршалы Клод Віктор, Шарль Удзіно, Луі Даву. З боку расійскай арміі —  генерал-ад’ютант Пётр Галянішчаў-Кутузаў, Сяргей Валконскі (між іншым прататып Андрэя Балконскага з рамана Льва Талстога «Вайна і Мір») і іншыя. Звязана Сенненшчына і з імем вядомага французскага пісьменніка Стэндаля, які ваяваў у складзе напалеонаўскай арміі.

У планах мастачкі зрабіць падобнае навагодняе ўпрыгожванне, дзе б адлюстроўвалася  архітэктурная спадчына Сенненшчыны.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.