Чым запомніўся сенненцам год Каня, даведалася карэспандэнт «раёнкі»

 

      НГ вт          Вось-вось адыйдзе ў гісторыю 2014-ты. І зусім хутка, зберучыся за святочным сталом, пад звон бакалаў з шампанскім мы будзем сустракаць новы 2015 год. Кожны з нас ускладае на яго, свае запаветныя надзеі, спадзяванні і мары. Разам з тым нялішнім будзе ўзгадаць самыя яркія і радасныя падзеі года адыхо­дзячага . Чым запомніўся сенненцам год Каня, даведалася карэспандэнт «раёнкі».

 

петровПавел ПЯТРОЎ,

 інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі Сенненскага РАУС:

— 2014 год для мяне быў вельмі паспяховым як у асабістым жыцці, так і ў прафесійнай дзейнасці. Атрымаў чарговае службовае званне — лейтэнант міліцыі. Акрамя таго, быў узнагароджаны нагрудным знакам «Класны спецыяліст Мі­ністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь 3 класа». А яшчэ я паступіў на скарочаную форму навучання ў Віцебскі філіял Міжнароднага ўніверсітэта «МІПСА». Аднак самай значнай падзеяй сёлета стала мая жаніцьба. З каханай жонкай Анастасіяй дату 31 мая 2014 года мы не забу­дзем ніколі, як і вясельнае падарожжа ў Туніс.

СмирновІван Смірноў,

дырэктар Сенненскай ДШМ:

 — У школе год пачынаецца не 1 студзеня, а 1 верасня. Таму для нас ён яшчэ не скончыўся. Запамінальным стаў удзел хора работнікаў культуры ў Міжнародным фестывалі харавой музыкі «Браслаўскія зарніцы», дзе стаў лаўрэатам. Сёння поў­ным ходам ідзе падрыхтоўка да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсе імя І.І.Жыновіча і яшчэ ў некалькіх рэгіянальных фестывалях. А напярэдадні Новага года традыцыйна мы правялі акадэмічны канцэрт для бацькоў нашых навучэнцаў «Навагодняе канфеці». У 2014-м наш калектыў праводзіў у дэкрэтныя адпачынкі дзвюх выкладчыц. І гэтаму нельга не радавацца. Мы ж сталі яшчэ на год старэй і вопытней. Спадзяюся, што будучы год прынясе нам больш дасягненняў і перамог.

 

БазылеваЛюдміла Базылева,

 індывідуальны прадпрымальнік:

— Самай значнай падзеяй года стала нараджэнне маёй унучкі Верачкі. У мяне ёсць ужо два ўнукі-хлопчыкі, таму з’яўленне дзяўчынкі ў нашай сям’і вельмі чакалі. Штогод я езджу ў санаторый «Белая Русь» пад Мінскам. Сёлетні не стаў выключэннем. Там я добра адпачыла, набралася сіл. Індывідуальным прад­­прымальнікам працую ўжо шмат гадоў, і гэты год Каня быў значна прыбытковым і спакойным. Адно шкада, прамчаўся вель­мі хутка.

 

КишковичЮлія Кішковіч,

страхавы агент:

 — 2014 год для мяне запомніўся шматлікімі паездкамі і экскурсіямі. Адну з іх — у Пскоў — арганізавала Сенненскае прадстаўніцтва Белдзяржстраха. Гэта было незабыўна! Вельмі спадабаўся Пскова-Пячэрскі манастыр, а ў мястэчку Ізбарск Пячорскага раёна Пскоўскай вобласці мы наведалі Славенскія ключы, дзе прама з зямлі б’юць 12 святых крыніц. У верасні на тыдзень ездзіла да сяброўкі ў Маскву. Наведала палацава-паркавы ансамбль Царыцына, выставу дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ), пабывала на Астанкінскай вежы і Чырвонай плошчы.

 

ИсаченкоНаталля Ісачанка,

 мастацкі афарміцель Сенненскай ЦБС:

— Для мяне гэты год аказаўся ўдалым.  Чым ён запомніўся? Напэўна, тым, што ў мяне, нарэшце, з’явілася магчымасць пападарожнічаць па Беларусі. У прыватнасці, падчас водпуску пабывала ў родных у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Вельмі запомнілася вёска Аўцюкі, дзе праходзіць Усебеларускі фэст народнага гумару. Незабыўным было і вяселле маёй пляменніцы Кацярыны ў Полацку. Яшчэ сёлета я адзначыла свой 50-гадовы юбі­лей, а дачка скончыла медыцынскі ўніверсітэт. Бачыце, колькі добрых падзей! І безумоўна, яшчэ адной прыемнасцю стала нараджэнне на яблычны Спас унучачкі Міланы.

ПоляшкевичВікторыя Паляшкевіч,

бухгалтар КУСГП «Насенняводчы саўгас

імя Данукалава»:

 — З адметных падзей сёлетняга года стала грамата раённага выканаўчага камі­тэта і прэмія, якімі мяне ўзнагародзілі за добрасумленную працу ў сельгасвытворчасці і з нагоды прафесійнага свята — Дня работнікаў сельскай гаспадаркі.

Шмат прыемных уражанняў засталося і ад наведванняў канцэрта «Залаты хіт» падчас фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», а таксама канцэрта Юрыя Шатунова.

Што ж, застаецца толь­кі  пажадаць жыхарам нашай роднай Сеннен­шчы­ны ўсяго самага найлепшага  ў новым годзе.

Апытанне правяла

Ірына ХАСАНАВА.

P.S.     Напрыканцы вар­та адзначыць, сёлетні год быў аб’яўлены ў Беларусі Годам гасціннасці. Як бачна, сенненцы яго правялі належным чынам.