Удивительные вещи делает из теста сотрудница Сенненского центра детей и молодёжи

     IMG_0199           Паважаныя жанчыны, вы спрабавалі калі-небудзь выпекчы ў мікрахвалёўцы, не, не пірог ці пячэнне, а выраб… дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Калі хочаце паспрабаваць, можаце звярнуцца за парадай да Кацярыны Сакалоўскай, педагога пазашкольнай адукацыі, якая працуе ў Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі.

Кацярына скончыла Віцебскі тэхналагічны каледж, дзе навучылася рабіць мастацкія вырабы з керамікі. Аб’яднанне па інтарэсах, у якім яна вучыць дзяцей ствараць розныя незвычайныя рэчы, так і называецца «Кераміка». Тут 12  яе навучэнцаў займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, выкарыстоўваючы, напрыклад… салёнае цеста. Чаму абавязкова салёнае? Ды таму, што менавіта соль надае цесту неабходную эластычнасць, тлумачыць Кацярына Аляксандраўна. Але мала вылепіць выраб, яго трэба яшчэ запекчы і размаляваць. Дарэчы, Каця, як сапраўдная гаспадыня, вельмі любіць гатаваць, і выпечку ў тым ліку — піражкі, міні-торцікі…

Падапечныя Кацярыны Сакалоўскай з задавальненнем займаюцца, прымаюць удзел у выставах. Асабліва падабаюцца заняткі вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам: Кацярына Аляксандраўна кіруе яшчэ аб’яднаннямі па інтарэсах, якія працуюць ад Цэнтра ў Багданаўскай і Студзёнкаўскай  школах. «Самы вялікі інтарэс да стварэння вырабаў сваімі рукамі выказваюць вучні вясковых школ, асабліва малодшыя, — гаворыць педагог пазашкольнай адукацыі. — Яны больш непасрэдныя, менш занятыя камп’ютарам, як звычайна, жыхары сяла — больш назіральныя».

Кацярына любіць тлумачыць малым, як зрабіць тую ці іншую рэч, а потым назіраць, што выходзіць з іх яшчэ не зусім умелых дзіцячых рук.

Іншае захапленне Кацярыны Сакалоўскай — маляванне. Яно перадалося дзяўчыне ад бацькі, Аляксандра Іванавіча, і старэйшага брата Сяргея. Бацька, калі Каця з братам былі малыя, склейваў і размалёўваў для іх фігуркі герояў знакамітага мульціка «Ну, пачакай!», казачных герояў. Потым яму пачаў дапамагаць Сяргей. Каця шмат малявала ў дзяцінстве, і да нядаўняга часу яе шматлікія малюнкі захоўваліся ў сям’і.

Цяпер мастачка стварае зусім іншыя карціны. Студэнтка завочнага ад­дзялення мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Кацярына Сакалоўская, рыхтуючыся да сесій, піша свае творы ў рознай тэхніцы жывапісу (масла, акварэль, змешаная тэхніка). У наступным годзе яна скончыць ВНУ і стане дыпламаваным выкладчыкам выяўленчага мастацтва.

Але месца працы, дзе яе ўсё задавальняе, мяняць пакуль не збіраецца. Ды і дырэктар Цэнтра Валянціна Каржыцкая не хоча адпускаць Кацярыну, як выдатнага работніка і добрага чалавека.

 Таццяна Буракова.