Тэст на маральнае здароўе грамадства

   OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ Беларусі на гэтым тыдні адзначылі  Дзень інвалідаў. Ён заснаваны, каб звярнуць больш пільную ўвагу грамадства на праблемы людзей, якія абцяжараны рознымі хваробамі. Жыць ім куды складаней, чым здаровым, нават пры падтрымцы, якую аказвае дзяржава.

Інфармацыя ўпраўлення па працы,

занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама

         На Сенненшчыне зарэгістраваны 1581 інвалід (928 мужчын і 653 жанчыны): першай групы — 282, другой — 685, трэцяй — 432, дзеці-інваліды да 18 гадоў — 182.

У райцэнтры жыве 381 інвалід, у Багушэўску — 194. Для 1006 інвалідаў месцам жыхарства з’яўляюцца сельскія населеныя пункты. Тым самым іх жыццё ўскладняецца яшчэ і аддаленасцю ад медыцынскіх і іншых сацыяльных устаноў, не кажучы пра адсутнасць даступных камунальных паслуг, магчымасці працаўладкавацца ў адпаведнасці з адукацыяй, схільнасцямі, станам здароўя. Для паўнаты карціны ўсё ж заўважым, што за апошнія некалькі гадоў у раёне спецыяльна для інвалідаў створана 5 рабочых месцаў. Яны дапамагаюць не толькі палепшыць матэрыяльны стан нямоглых людзей, але і служаць спосабам сацыяльнай рэабілітацыі.

Інваліднасць —

не прысуд

  OLYMPUS DIGITAL CAMERA       Жыхарка Багушэўска Таццяна Рассадка ў 33 гады перанесла інсульт, стала інвалідам ІІ групы. Курс лячэння, медыцынская рэабілітацыя, падтрымка родных і сяброў па крысе вярталі маладой жанчыне здароўе і цікавасць да жыцця. Пасля таго як была прызначана трэцяя група інваліднасці, узнікла патрэбнасць у працаўладкаванні. Але як і дзе ў Багушэўску знайсці працу чалавеку, у якога страчаны функцыі рукі? Да таго ж, Таццяна згубіла надзею на выздараўленне, саромелася свайго знешняга выгляду.

Дапамога прыйшла з аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту. Ва ўстанове спецыяльна закупілі неабходнае абсталяванне, каб стварыць рабочае месца для інваліда, і запрасілі Таццяну Рассадка на працу.

— З дапамогай праль­най машыны я мыю бялізну, адзенне, што прыносяць сацыяльныя работнікі ад  сталых адзі­нокіх людзей, — расказвае жанчына. — Працую 4 га­дзіны, маю дадатковую крыніцу даходаў. Яшчэ больш важна, што я пастаянна кантактую з новымі людзьмі і веру, што жыццё працягваецца. Дзякуй усім, хто дапамог мне, імкнецца дапамагчы іншым інвалідам.

Дом,

дзе адаграваюць сэрцы

         Трэба адзначыць,  коль­касць інвалідаў, асоб, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы і рэабілітацыі, у нашай краіне расце. І дзяржава адэкватна рэагуе на гэтыя выклікі. Доказам таму служаць змены, якія  назіраюцца ў Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

За апошнія некалькі гадоў 5 выхаванцаў гэтай установы пасля дасягнення паўналецця адноўлены ў дзеяздольнасці, працаўладкаваны.

— Некалькі чалавек самастойна жывуць у гарпасёлку, працуюць у сферы дрэваапрацоўкі. Дзве дзяўчыны працаўладкава­ліся на Аршанскім прад­прыемстве «Нить». Знаходзім працу для былых нашых выхаванцаў і ў нашай установе, — расказвае намеснік дырэктара дома-інтэрната Алена Лауткіна, і дадае, — першае, што большасць з іх зрабіла, пасля аднаўлення ў дзея­здольнасці, распачалі пошукі родных. Звярталіся, у тым ліку, і ў папулярную тэле­праграму «Жди меня». Зразумела, далёка не ўсе выхаванцы Багушэўскага дома-інтэрната могуць дасягнуць падобнай «вышыні». Але тым, у каго шансы на гэта ёсць, ва ўстанове імкнуцца дапамагчы. Калектыў педагогаў, медыкаў у сваёй працы апіраецца на распрацаваную сістэму адаптацыі і рэабілітацыі дзяцей. Выхаванцы засвойваюць спецыяльна створаныя для іх вучэбныя праграмы, з імі працуюць псі­холагі, ін­струк­тары працоўнай тэрапіі. Усё гэта дапамагае набыць устойлівыя працоўныя навыкі ў той ці іншай сферы дзейнасці.

У свой час своеасаблівым брэндам дома-інтэрната былі работы, выкананыя выхаванцамі, якія займаюцца ў Вольгі Давы­дзенка. Іх вышыўкі, работы, выкананыя ў тэхніцы бісерапляцення, адзначаліся на шматлікіх выставах, раскупляліся, у тым ліку, грама­дзянамі замежных краін. Апошнім часам у трэндзе творчасць выхаванцаў ін­тэрната, якія захапляюцца пескаграфіяй, па іншаму, пясочнай анімацыяй. Заняткі ў Азізы Пагарэльскай, дзе асноўным матэрыялам для творчасці служыць пясок, — гэта своеасаблівая тэрапія ў спалучэнні з магчымасцю праявіць свае творчыя здольнасці. А яны ў выхаванцаў таксама асаблівыя. Немалаважна, што адначасова ў дзяцей адбываецца выкід эмоцый. Асаб­лівай вытанчанасцю вызначаюцца пескаграфічныя работы Вадзіма Сярогіна. Акрамя таго, хлопец захапляецца спевамі, малюе фарбамі, займаецца спортам.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA     У Багушэўскім доме-інтэрнаце працуюць з кожным выхаванцам, нягледзячы на стан яго фізічнага і псіхічнага здароўя. Алегу Валушку — 17 гадоў. Хлопец не мае рук і ног. Тым не менш ён выдатна малюе. Яго таленты, заўважаныя валанцёрамі, сёння развіваюць супрацоўнікі інтэрната. Пры гэтым яны адзначаюць глыбокае адчуванне хлопцам адцення фарбаў, прасторы. Акрамя таго, два гады таму ў спаборніцтвах па бегу на інвалідных калясках, якія праводзіліся сярод выхаванцаў сацыяльных устаноў падобных Багушэўскаму дому-інтэрнату, ён заняў першае месца.

Таленты выхаванцаў Багушэўскага Дома-інтэрната заўважылі і ацанілі нават за мяжой. У конкурсе «Мары збываюцца», які  праводзіцца міжнародным аб’яднаннем «Свет без межаў»  у Кракаве (Польшча), калектыў мастацкай самадзейнасці не толькі заняў першае месца, але быў адзначаны прызам глядацкіх сімпатый.

Да Дня інвалідаў у Багушэўскім Доме культуры пройдзе канцэрт, падрыхтаваны выхаванцамі дома-інтэрната. Удзел у ім прымуць і вучні агульнаадукацыйных школ гарадскога пасёлка. Будуць арганізаваны выставы творчых работ.

— Калі хочаце, гэта наша справаздача аб рабоце. Мы яе робім не першы год. І заўжды Дом культуры перапоўнены. Традыцыйным стаў удзел у гэтым мерапрыемстве школьнікаў багушэўскіх школ. Тым самым можна казаць, што грамадства стала больш талерантным да праблем інвалідаў, — лічыць Алена Лауткіна.

І з ёй нельга не пагадзіцца. Адносіны да інвалідаў у цывілізаваным свеце даўно ўспрымаюцца як тэст на маральнае зда­роўе грамадства.

Аляксандр ІЎЕЎ.

 НА ЗДЫМКАХ: Таццяна Рассадка на сваім рабочым месцы; Вадзім Сярогін з Азізай Пагарэльскай на занятках пескаграфіяй; творыць Алег Валушка.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *