Сенненская ЖКГ: «Наша справа — даць цяпло, а захаваць яго — справа жыльцоў

ГСАдна з галоўных задач камунальнікаў у асенне-зімовы перыяд — забеспячэннне насельніцтва і арганізацый цяплом. Таму і падрыхтоўка да ацяпляльнага сезону ў раённай жыллёва-камунальнай гаспадарцы пачынаецца загадзя, гаворыць начальнік участка па тэхнічным абслугоў­ванні жыллёвага фонду г.Сянно Аляксандр Воранаў.

Вясной і летам, калі дазваляе надвор’е, вядзецца рамонт дахаў шматкватэрных дамоў па заяўках жыльцоў. Сёлета адрамантавалі 600 м квадратных дахавага пакрыцця.

Перад тым  як падаць цяпло ў жылыя дамы, правялі ўцяпленне падвальных памяшканняў і тэхнічных паверхаў.

Пастаянная ўвага ўдзяляецца стану дзвярэй у пад’ездах шматпавярховак, які выклікае асаблівую заклапочанасць, падкрэслівае Аляксандр Воранаў. На жаль, жыльцы дамоў не жадаюць усвядоміць, што дзверы нельга трымаць адчыненымі, таму што прыходзяць у непрыгоднасць петлі і даводчыкі. Нягледзячы на гэта жыхары працягваюць падпіраць дзверы камянямі і цаглінамі: адны — каб стварыць бесперашкодны доступ у пад’езды катам, якіх трымаюць у кватэрах, іншыя — каб праветрыць пад’езды пасля таго, як там пабывалі каты. А потым і першыя, і другія дружна пачынаюць сігналізаваць у жылкамунгас, што дзверы не зачыняюцца. «Нярэдка бывае, што раніцай дзверы адрамантуем, а к вечару яны ўжо зноў не зачыняюцца», — справядліва абураецца Аляксандр Міхайлавіч. З падваламі такая ж гісторыя. Але там яшчэ выбіваюць шкло ў вокнах. «Наша справа — даць цяпло, а захаваць яго — справа жыльцоў», — рэзюмуе Аляксандр Воранаў.

Яшчэ адзін клопат камунальнай службы — забеспячэнне кацельных дровамі. Толькі за мінулы месяц нарыхтавана больш за 400 кубічных метраў  драўніны, 200 з якіх вывезены, расказвае майстар на лесасеках Сяргей Канюшэўскі.

У пачатку ацяпляльнага сезону былі распрацаваны мерапрыемствы па прафілактыцы і рамонце катлоў і іншага ацяпляльнага абсталявання. Заменены дзе трэба трубы цеплатрасы. На працягу 2,7 км (на вуліцах Заводскай (каля шматпавярховак) і Чырвонага Кастрычніка райцэнтра, каля дзіцячага сада №2 г.Сянно, у аграгарадках Багданава і Машканы, в.Цыпкі) пракладзены трубы са спецыяльнай ізаляцыяй, якая дазваляе значна зменшыць страты цяпла.

Як паведаміў начальнік цэха кацельных і цеплавых сетак Аляксандр Бярозка, у час ацяпляльнага сезону ў ЖКГ арганізавана дзяжурства аварыйнай брыгады.

 Таццяна Буракова.