Хозяин одной из агроусадеб Сенненщины восстановил древний источник

OLYMPUS DIGITAL CAMERAПра крыніцу, якую мясцовае насельніцтва заве «Святой» (згодна з паданнем на яе месцы некалі стаяла царква, але аднойчы яна знікла пад зямлёй), жыхары бліжэйшых вёсак добра ведаюць. Яна выцякае з невялікай балацінкі, што знахо­дзіцца паміж урочышчам Кажаршчына і Заазер’ем. Некалі над ёй паставілі бетоннае кальцо, збудавалі зруб. Карысталіся і вадой.

З часам пакінулі хутар гаспадары Кажаршчыны, амаль апусцела За­азер’е. Зацягнулася раскай крыніца. Новае жыццё ёй надаў Дзмітрый Вільчынскі. Некалькі гадоў назад у Заазер’і ён на аграсядзібе «Спадчына» стаў аказваць паслугі аматарам адпачынку на прыродзе. Менавіта па яго ініцыятыве, пры матэрыяльнай падтрымцы крыніцу вычысцілі. Над ёй зноў паставілі зруб з накрыўкай, высеклі вакол кусты. Сёння да крыніцы можна даехаць нават на легкавіку — дарогу з Заазер’я расчысцілі.

А на днях протаіерэй Свята-Мікалаеўскага храма, што ў Сянне, благачынны Сенненскай акругі Мікалай Валачковіч правёў чын асвячэння вады ў крыніцы. Удзел у службе прынялі і нешматлікія заазерцы. Старэйшая жыхарка Заазер’я 82-гадовая Людміла Блашкова ўспомніла, што ваду з крыніцы любілі не толькі людзі, а нават і жывёла: «Каровы нават станавіліся на калені, каб напіцца».

Мікалай Валачковіч папрасіў умацаваць над крыніцай ікону, прадоўжыць добраўпарадкаванне навокал. Пасля службы некаторыя яе ўдзельнікі напоўнілі вадой прынесеныя ёміс­тасці. Вада не мае паху, прыемная на смак. І ўсё ж, думаецца, зрабіць хіміка-бактэрыялагічны аналіз было б зусім не лішнім. Тым больш што правесці яго па сілах спецыялістам РЦГЭ.

Аляксандр ЛАЗЮК.