Цішэй едзеш — таней будзеш

Журналістка “Звязды” выпрабавала на сабе “залатое правіла” пахудзення

Прызнаюся шчыра — я не збіралася пісаць гэты артыкул. І, напэўна, наўрадці рызыкнула б зрабіць яго набыткам грамадскасці, калі б не настойлівыя пытанні знаёмых і калег накшталт «як табе гэта ўдалося?».

 Адразу хачу папярэдзіць: усё, напісанае далей, не падмацавана ніякімі навуковымі тэорыямі ці даследаваннямі і з’яўляецца ўсяго толькі вынікам досведу (ці лепш сказаць, эксперыменту) аднаго чалавека — аўтара гэтых радкоў — у барацьбе з лішняй вагой. (А, як вядома, што для аднаго добра — для іншага можа ўвогуле не падысці.)

 Гадоў…ццаць таму мая вага не перавышала 54-55 кілаграмаў. Яна трымалася на адным узроўні дастаткова працяглы час, прычым без асаблівых намаганняў з майго боку. Я не была фанатам спартзалы, не любіла зарадку і ела ўсё запар, прычым тады, калі хацелася.

 Але з цягам часу прафесійныя і іншыя стрэсы станавіліся больш частымі. А для жанчыны самае эфектыўнае лякарства ад стрэсу — гэта кавалак любімага торта, з’едзены на ноч перад тэлевізарам. Словам, за адносна невялікі прамежак часу (6-7 гадоў) я ўмудрылася набраць каля 20 кілаграмаў. Не скажу, што яны надта абцяжарвалі жыццё, але да прыемнага набытку таксама не адносіліся. Са звыклага айчыннага 44-га памеру я дастаткова хутка пераскочыла ў 48-ы, потым — у 50-ы і, нарэшце, у 52-і…

 Кожны, хто хоць аднойчы спрабаваў змагацца з уласнай вагой, ведае, які гэта нялёгкі і пакутлівы працэс. На працягу апошніх гадоў я неаднойчы выпрабоўвала на сабе самыя разнастайныя спосабы пахудзення, пачынаючы ад кефірнай дыеты Ларысы Долінай і заканчваючы 9-дзённай дыетай Лаймы Вайкуле (тры дні — толькі рыс, яшчэ тры дні — белае курынае мяса і тры дні — яблыкі). Прыйшла да высновы, што ўсе яны — калі не поўнае глупства, дык удар па здароўі і псіхіцы дакладна.

 Зусім выпадкова (хоць у жыцці, на мой погляд, не бывае выпадковасцяў), гартаючы адно з расійскіх выданняў, патрапіла на інтэрв’ю з Таццянай Дзячэнка, дачкой Барыса Ельцына, дзе яна падрабязна распавядала пра тое, як перамагла лішнюю вагу. Магчыма, я не звярнула б увагі на чарговы «піяр», калі б артыкул не аздаблялі адпаведныя фотаздымкі Таццяны Барысаўны «да» і «пасля». Розніца была ўражвальная… Дзячэнка расказала журналістам, што дамовілася з некалькімі сваімі сябрамі раз на тыдзень сустракацца ў каго-небудзь дома, дзе кожны павінен «прылюдна» станавіцца на вагі. Фішка заключаецца ў тым, што ў наступны раз абавязкова неабходна важыць менш, чым у папярэдні. Таго, хто праштрафіцца (прыбавіць у вазе), чакае пакаранне, якое агаворваецца і прапануецца кожнаму загадзя, яшчэ перад пачаткам «гульні». Пакаранні хоць і жартоўныя, але не вельмі прыемныя.

 Такі падыход да вырашэння праблемы з лішняй вагой падаўся мне эфектыўным, і я вырашыла ўзяць яго за аснову (праўда, адкінуўшы прылюднае ўзважванне і «штраф»).

 Цяпер пра матывацыю. У справе пахудзення яна — адна з галоўных умоў поспеху. Абавязкова павінна мець месца сур’ёзная прычына, з-за якой ты збіраешся пчаць новае жыццё. Прычынай могуць стаць праблемы са здароўем, зайздрасць, пачуццё непаўнацэннасці, крыўда, жаданне камусьці спадабацца… Ды што заўгодна! Галоўнае, каб гэта было моцным штуршком, пасля якога арганізм настроіцца на «баявы лад».

 Другая (пасля матывацыі) неабходная ўмова для дасягнення мэты — вагі. Пажадана набыць у краме самыя дакладныя, тыя, што будуць выдаваць «паказчыкі» не толькі ў кілаграмах, але і ў грамах. Вагі — гэта гарант аб’ектыўнасці, яны не ілгуць, як бы хто на гэта ні разлічваў. Затое здольныя выдаць «бонус» за першыя страчаныя грамы — у выглядзе вашага прыўзнятага настрою.

 Я не памылілася, гаворачы менавіта пра «грамы». Скідваць вагу «кілаграмамі» не проста бессэнсоўна, а і небяспечна. Спецыялісты-дыетолагі недарэмна сцвярджа­юць, што галівудскія актрысы, якія даводзяць сябе да неймавернай худзізны паскоранымі тэмпамі, вось-вось пачнуць выміраць. Аптымальным варыянтам лічыцца пахудзенне на 3-4 кілаграмы ў месяц, не больш. Такім чынам за паўгода можна скінуць як мінімум 18 кілаграмаў.

 Калі «раскінуць» 18 кілаграмаў на шэсць месяцаў (зыходзячы з патрабаванняў дыетолагаў), а атрыманую лічбу падзяліць яшчэ на 30 дзён, атрымаецца ўсяго 100 грамаў. Менавіта столькі (ці прыкладна столькі) давядзец­ца «скідваць» кожны дзень.

 Не варта кожны дзень выцягваць з-пад ложка запаветную скрыначку з вагамі, але першапачатковую, стартавую лічбу зафіксаваць неабходна. А далей — рабіць штотыднёвыя ўзважванні (і, адпаведна, іх фіксацыю), пажадана ў адзін і той жа дзень тыдня і час. І карэктаваць свой рацыён.

 Харчаванне — гэта, напэўна, самы складаны момант, таму што змяніць свае звычкі вельмі цяжка. А ўсе табу толькі падаграюць жаданне з’есці забаронены кавалак. Памятаючы пра гэта, я пакінула ў сваім «спісе дазволеных прадуктаў» дастаткова шырокі асартымент, але значна зменшыла аб’ём порцый і павялічыла частату ўжывання ежы. Такім чынам, з рацыёну былі выключаны: цукар, шакалад, здобныя хлебабулачныя вырабы, тарты, пірожаныя, марожанае, чыпсы, сокі, кола і іншыя салодкія напоі, а таксама ўсё вэнджанае, вострае і марынаванае, маянэз і кетчуп, тлустае мяса і каўбасы, часткова — сметанковае масла. Смажанае давялося замяніць на тушанае і варанае. Трохразовае харчаванне — на пяціразовае…

 І працэс пайшоў! Прычым на працягу дня, нават па першым часе, я практычна не зведвала пачуцця моцнага голаду. У маім халадзільніку засталося мноства простых і, галоўнае, карысных прадуктаў, сапраўдны смак якіх я ацаніла толькі пасля таго, як выкрасліла ўсе непатрэбныя.  На змену ранейшым прысмакам прыйшлі: нятлустае курынае мяса, рыба, яйкі, сыр, тварог і іншыя малочныя прадукты, агародніна (але не бульба) ва ўсялякіх камбінацыях, ненаварыстыя супы і разнастайныя кашы (на малацэ, але без масла). На дэсерт — разынкі, курага, чарнасліў, бананы ці яблыкі, кампоты з сухафруктаў і мёд (не больш за 2 чайныя лыжкі ў дзень). Маё дзённае меню выглядала прыкладна так: сняданак — талерка аўсянай кашы на малацэ, 150 г нятлустага тварагу з разынкамі, зялёная гарбата без цукру; другі сняданак — банан; абед — кавалак нятлустай запечанай рыбы, зялёная салата з алеем, чорная гарбата з двума сухарыкамі (ці бутэрброд з сырам); полуднік — несалодкі ёгурт або шклянка кефіру; вячэра (не пазней за 19.00) — 1 яйка, салата з памідораў і 1 яблык.

 Любая дыета, якой бы ашчаднай ні была, патрабуе сістэмнасці і пэўнай канцэнтрацыі волі. Без «зрываў», безумоўна, не абыходзіцца. Я таксама часам «зрывалася» і ела што-небудзь забароненае, але… у вельмі невялікай колькасці і не часцей, чым адзін-два разы на тыдзень. А раніцай наступнага дня спакойна вярталася да ранейшага «строгага рэжыму». Прыйшла да высновы, што ў гэтай справе ўвогуле не варта нервавацца і спяшацца. Цішэй едзеш — далей будзеш. Моцнае галаданне прыводзіць да сур’ёзных праблем са страваваннем і зачастую… да немінучай прыбаўкі ў вазе. Як ні дзіўна, чым часцей ты ясі (правільную ежу), тым большая верагоднасць, што ў лішняй вагі не застанецца шанцаў. Пры 5-6- разовым харчаванні мы прымушаем страўнік актыўна працаваць і не ствараем сітуацый, пры якіх арганізм гатовы (у мэтах самаабароны) ператварыць у тлушч нават ваду.

 Сваю «марафонскую дыстанцыю» я пачынала паўгода  таму, у сакавіку, са стартавай вагі 73 кг. Дынаміка была наступнай: 15 сакавіка — 71,6; 22 сакавіка — 71,2; 7 красавіка — 70,2; 21 красавіка — 69,0; 29 красавіка — 68,0; 16 мая — 67,3; 30 мая — 65,5 і г.д. Нічога звышнатуральнага. Калі зніжэнне вагі замаруджвалася, хадзіла дадому з працы пешшу, хуткім крокам… Цяпер, дарэчы, раблю гэта практычна пастаянна. Раніца пачынаецца з нескладаных фізічных практыкаванняў (абавязкова прыемных). Калі паспяваю, прымаю кантрасны душ (таксама без фанатызму, па прынцыпе «вельмі цёплы-летні»).

Што яшчэ? Апошні раз узважвалася напачатку верасня — 56,5  кг. На мінулым тыдні наведала сваіх дактароў: ціск і ўзровень цукру стабілізаваліся. Халестэрын, праўда, яшчэ крыху перавышае норму. Магчыма, давядзецца на нейкі час адмовіцца ад цвёрдага сыру і сметанковага масла, якое я часам дадаю ў кашу замест малака. Аднак гэта мяне абсалютна не палохае… Больш актуальнай цяпер стала праблема змены гардэроба. Але прызнаюся шчыра: яшчэ ніколі развітанне са старымі рэчамі не прыносіла мне столькі задавальнення…

 Наталля КАРПЕНКА.