Где место рекламному спаму?

      IMG_5289                   Нехта, напэўна з вялікіх, сказаў, што рэклама рухавік прагрэсу. Магчыма ў глабальным сэнсе слова для вытворцаў і прадаўцоў яна і рухавік. А на бытавым узроўні, для звычайнага сярэднестатыстычнага спажыўца?

Які можа быць для мяне асабіста прагрэс, напрыклад, ад таго, куплю я чай ці кофе ў мясцовым магазіне ці на кірмашы-продажы. Дарэчы, пару месяцаў назад рэкламнымі лісткамі аб продажы гэтай прадукцыі былі літаральна закіданы ледзь не ўсе пад’езды шматкватэрных дамоў. Разам з карэспандэнцыяй «рэкламкі» дастаўляліся ў арганізацыі, траплялі ў паштовыя скры­ні прыватных домаўладанняў. А кірмашу гэтага ў азначаным месцы, дарэчы, і не было.

У вясенне-летні сезон узмоцнена рэкламуюцца паслугі па ўстаноўцы акон, дзвярэй, дамафонаў і г.д.

Па-рознаму ставіцца народ да такой рэкламы. Некаму ўсё роўна, бо выкарыстоўваць яе паслугі ён не збіраецца, таму што больш давярае парадам знаёмых ці аб’явам у газетах. Некаторыя нервуюцца і раздражняюцца, бо рэкламная прадукцыя засмечвае пад’езды, а з паштовых скрынь яе трэба выкідваць у вёдры для смецця.

IMG_5295        Ёсць і ўдзячнае стаўленне да падобнага навязлівага сэрвісу: камусьці з лістка, падабранага ў пад’ездзе ці прыклеенага на ўваходных дзвярах, прыйшла падказка ў вырашэнні праблемы. Іншая справа, што расклейваць аб’явы абы-дзе забараняецца. А з другога боку, мала хто пойдзе да  дошкі аб’яў, каб прачытаць дзе купіць бензакасу ці знайсці майстра-аддзелачніка, нават калі такія аб’явы там нехта змясціў.

…Колькі людзей, столь­кі і думак. Адзін мой сусед дзякуючы знойдзенай сярод газет рэкламе выгадна, са скідкай, паставіў еўравокны, другі мацюкаецца на ўвесь пад’езд, зноў убачыўшы ў паштовай скрыні надакучлівыя, непатрэбныя ў гаспадарцы лісткі. А знаёмая на аўтобусным прыпынку знайшла патрэбную для сябе інфармацыю пра бульбу, якую не ведала дзе купіць.

Безумоўна, ніхто нікога не прымушае карыстацца тым ці іншым відам рэкламы. Адно бясспрэчна, яна павінна быць праўдзівай, не закранаць інтарэсы іншых рэкламадаўцаў, не зневажаць асобу… Карацей кажучы, адпавядаць усім патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе».

 

Таццяна Буракова.