Сенненшчына ў рэвалюцыйнай віхуры

1

Празднование в Сенно 8-ой годовщины Октябрьской революции (1925 год)

  Хутка 100 гадоў, як на прасторах былой Расійскай імперыі адбыліся па­дзеі, якія адны назвалі рэвалюцыяй, зарой, прадвесцем сусветнай камуны і ўсе­агульнага раўнапраўя, іншыя — пераваротам, як бы зараз сказалі, антыканстытуцыйным захопам улады. Безумоўна адно, яны, тыя і наступныя дзеянні бальшавікоў, мелі ўплыў на лёсы мільёнаў лю­дзей, краін усёй планеты.

У Сянне савецкая ўлада была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 года. 26 лістапада І з’езд рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Сенненскага павета прыняў рэзалюцыю, у якой паведамлялася, што «ўся ўлада ў Сенненскім павеце пераходзіць да Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў і Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта».

 

У маі адбыўся ІІ з’езд Саветаў Сенненскага павета. У яго рэзалюцыі адзначалася, што ўзяць уладу — мала, галоўнае для працоўных — ажыццявіць сацыялізм на справе. Гэта азначала аднаўленне вытворчасці, стварэнне войскаў Чырвонай Арміі.

У вёсках пачалася канфіскацыя памешчыцкіх маёнткаў, нацыяналізацыя зямлі. Следам ствараліся савецкія (дзяржаўныя) гаспадаркі. Першы саўгас у павеце з’явіўся ў былым маёнтку Беліца памешчыка Свяцкага.

Савецкай уладзе неабходны былі новыя грамадзяне, з новай ідэалогіяй, новым поглядам на звыклыя рэчы. У Сенненскім павеце з’явілася 5 новых навучальных устаноў — вышэйшых пачатковых вучылішч. Пры  ўстанове, якая існавала ў Сянне, былі адкрыты паралельныя класы.

Былі і праціўнікі Савецкай улады. Грамадства аказалася ў стане грама­дзянскай вайны. Сітуацыя ўскладнілася ў сувязі са спыненнем перамір’я на фронце. У лютым 1918 года нямецкія і аўстрыйскія войскі пайшлі ў наступ.      У выніку фронт спыніўся непадалёк ад Сянна. У адказ новая ўлада пачала ствараць сваё войска. У Сянне быў сфарміраваны атрад з 310 добраахвотнікаў.

Летам і восенню 1918 года на тэрыторыі Беларусі сталі актыўна дзейнічаць левыя эсэры. Абапі­раючыся на падтрымку багатых сялян, яны імкнуліся ліквідаваць уладу Саветаў. Выступленні адбыліся не толькі ў Сянне, але і ў іншых населеных пунктах павета. У адказ выканкам павятовага Савета 19 ліпеня прыняў пастанову аб тэрміновым ажыццяўленні Дэкрэта аб хлебнай манаполіі, стварэнні камітэтаў беднаты. Пачалася так званая харчразвёрстка, якая праводзілася ў форме рэквізацыі хлеба, с прымяненнем узброенай сілы. Вываз хлеба з вёсак і воласці лічыўся незаконным. У адказ загучалі стрэлы. У Лісічанскай воласці быў забіты матрос Балтыйскага флоту Мікалаеў. На яго грудзях пакінулі паперку з надпісам: «Харчразвёрстка выканана». І.Е.Тарасевічу, які суправаджаў абоз са збожжам  па дарозе з Сянна ў Багушэўск, адрэзалі галаву.

Гэты перыяд нашай гісторыі адрозніваецца і шматлікімі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі зменамі. Вясной 1919 года Магілёўская губерня была ліквідавана. Сенненскі павет увайшоў у склад Віцебскай губерні РСФСР.

Многія жыхары павета ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе, ваявалі на франтах Грамадзянскай вайны. У прыватнасці, матрос легендарнага крэйсера «Аўрора» В.Шарковіч штурмаваў Зімні палац. В.Красноўскі ў 1917 годзе служыў у войску ў Петраградзе. У час лютаўскіх падзей сустракаў Леніна на Фінляндскім вакзале, слухаў яго прамову. Пазней па рашэнні рэўкома, як хадок ад Сенненскага павета, сустракаўся з кіраўніком савецкай дзяржавы ў Крамлі.

2

Руководство Сенненского уезда в начале 20-х гг.

Прадстаўнікі новай улады добра разумелі ролю сродкаў масавай інфармацыі. А таму ўжо ў маі 1918 года ў Сянне пачала выходзіць павятовая газета «Известия исполкома». Першыя два нумары яе не захаваліся. У трэцім, што выйшаў 9 мая, змешчаны тэлеграмы, дакументы савецкага ўрада, пастановы мясцовага органа ўлады. У прыватнасці, за подпісамі камісара Прышчэпава і сакратара Воранава было падрыхтавана прадпісанне зямельнаму аддзелу для прывядзення лясоў у парадак. Згодна з ім неабходна было: «… в каждую волость уезда назначить заведующих лесами…, разбить леса на участки и в каждый участок назначить лесного милиционера (сторожа)…».

Час няспынны. Амаль 70 гадоў трымалі камуністы-бальшавікі ўладу. І не толькі ў краіне, што атрымала назву СССР. Але ў кожнай падзеі ёсць свая логіка развіцця. Утрымаць уладу не ўдалося, хоць гэтыя спробы каштавалі жыцця не аднаму мільёну лю­дзей. У тым ліку тым, хто шчыра верыў у ідэалы роўнасці і справядлівасці. Не дапамаглі ні дыктатура пралетарыяту, ні класавая салідарнасць, ні сусветная рэвалюцыя. Усё канула ў лету, а жыццё за гэты час не раз пацвяр­джала — для прыроды, для развіцця грамадства здаравей не скачкі, не рэвалюцыі, а эвалюцыя, паступовы рух наперад.

 

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.