Как сложилась судьба одного из первых председателей Сенненского исполкома

3 У фондах раённага гісторыка-краязнаўчага музея сабрана нямала цікавых экспанатаў, прысвечаных жыццю Сенненшчыны і яе жыхароў у пераломны рэвалюцыйны час. У асноўным, расказвае галоўны захавальнік установы Браніслава Жаўтабрухава, яны прадстаўлены калекцыямі дакументаў і фотаздымкаў. Самыя раннія з іх датуюцца 1918 годам. Ёсць таксама нумізматычныя зборы (тагачасныя манеты, папяровыя банкноты). Захоўваюцца ў музейных сховішчах і ўспаміны сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей. Асаблівую цікавасць уяўляе архіў аднаго з іх — Герасіма Шаўкуна.

      Са здымка 1922 года пазірае малады чалавек у форме байца Чырвонай Арміі. Ураджэнец вёскі Шашалаўка Сенненскага павета (цяпер гэта тэрыторыя Талачынскага раёна) стаяў ля вытокаў савецкай улады на Сенненшчыне.

Герасім Пракопавіч Шаўкун нарадзіўся 5 сакавіка 1892 года ў сялянскай сям’і. С 1901-га вучыўся ў пачатковай школе, затым у Сенненскім гарадскім вучылішчы. Некаторы час юнак працаваў канторшчыкам на Рыга-Арлоўскай чыгунцы. Восенню 1913 года яго прызвалі ў царскую армію радавым 13-га пяхотнага Старарускага палка. З лета 1914-га па самы 1917-ы сенненец змагаецца на франтах Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе нават узнагароджаны Георгіеўскім крыжом. Перспектыўнага ў вайсковай справе беларуса заўважылі і накіравалі на вучобу ў школу прапаршчыкаў у Араніенбаум (непадалёк ад Пецярбурга). Аднак скончыць яе хлопцу не давялося. Пасля лістападаўскага перавароту школу расфарміравалі, а Герасіма дэмабілізавалі ў званні старшага ўнтэр-афіцэра.

Малады чалавек з першых дзён прыняў савецкую ўладу. Вярнуўшыся на радзіму, у лютым 1918 года Герасім Шаўкун становіцца членам Сенненскага павятовага выканкама. А пасля падаўлення ў Сянне леваэсэраўскага паўстання (жнівень — верасень 1918 года) ён на некаторы час узначаліў савецкую ўладу ў павеце. Адным з першых увайшоў у склад павятовай арганізацыі Камуністычнай партыі.

З ліпеня 1919 года Герасім Шаўкун — палітработнік у радах Чырвонай Арміі. У гэты часовы адрэзак яго сляды адшукваюцца ва Украіне, дзе на той час вя­дзецца барацьба з белагвардзейцамі. Пра гэта сведчыць цікавы дакумент, знойдзены ў архівах былога інстытута гісторыі партыі ЦК КП Украіны. «Информационный доклад о положении в г.Харькове с момента вступления туда деникинской Добровольческой армии» быў прадстаўлены за подпісам інструктара Герасіма Шаўкуна Прэзідыуму Харкаўскага губернскага выканкама.

Па вяртанні на малую радзіму працаваў у павятовым юрыдычным аддзеле. У 1921-ым годзе абласным юрыдычным аддзелам быў накіраваны ў Полацкі павет, дзе займаўся судовай справай. У прыватнасці, ён узначальваў судовы працэс над «служителями религиозного культа Полоцкого женского монастыря, привлечённых к уголовной ответственности за укрывательство церковных ценностей и составление лживой телеграммы на имя М.Калинина с целью оставления «мощей» Св. Ефросиньи в Полоцком монастыре». Юрыдычная кар’ера працягнулася ў войску на пасадзе члена калегіі Ваенных трыбуналаў. А пасля дэмабілізацыі ў ліпені 1924 года працаваў народным суддзёй у мястэчках Коханава, Круглае, Горкі, а таксама ў Смаленскай вобласці. У кастрычніку 1932 года ён вяртаецца ў Беларусь і паступае на вучобу ў Мінскую Вышэйшую Камуністычную школу.

Але ў 1933-м над галавой Шаўкуна згусціліся хмары. Сенненца абвінавацілі ў тым, што яго бацька — заможны селянін, а сам Герасім быў афіцэрам царскай арміі. Гэта быў час маштабных сталінскіх «чыстак» партыйных радоў. У першую чаргу пад удар патрапілі так званыя «трацкісты». Ці з’яўляўся Герасім Шаўкун такім ужо адданым прыхільнікам Льва Троцкага, гісторыя замоўчвае. Але ў час свайго знаходжання ў 1919 годзе ва Украіне Герасім Пракопавіч быў у складзе вайсковых часцей, што падпарадкоўваліся паплечніку Леніна. Верагодна, гэты факт з яго біяграфіі і паслужыў прычынай выключэння Шаўкуна з партыі. У выніку партшколу ён быў вымушаны змяніць на вячэрняе аддзяленне гістарычнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута. Давялося развітацца і з кар’ерай савецкага наменклатурнага работніка. Да пачатку Вялікай Айчыннай Герасім Пракопавіч настаўнічаў у школах. Прайшоў усю вайну. Неаднаразова ўзнагароджаны за баявыя заслугі.

Пасля вайны працягнуў настаўніцкую дзейнасць. Загадваў аддзелам адукацыі ў Міёрскім раёне, доўгі час быў дырэктарам школы. Аднак у партыю Герасім Шаўкун так і не вярнуўся.

Падрыхтавала Вольга БАНДАРЭВІЧ.