Весці! Запальваць! Быць наперадзе!
На гэта нацэльвалі хлопцаў і дзяўчат, якія падымаліся на сцэну раённага Дома культуры ў час мерапрыемства з нагоды ўшанавання маладых спецыялістаў, прадстаўнікі мясцовай улады і розных галін дзейнасці. Новаспечаныя педагогі, медыкі, аграрыі, бухгалтары, супрацоўнікі праваахоўных органаў, эканамісты атрымлівалі віншаванні ў свой адрас і памятныя падарункі.
У цэнтры ўвагі былі не толькі нядаўнія выпускнікі навучальных устаноў. Ушаноўвалі ў гэты дзень і пераможцаў шэрагу раённых конкурсаў.
Сёння ўсё больш маладых людзей вырашаюць праводзіць летнія канікулы з карысцю, і БРСМ ахвотна ідзе ім насустрач: прапаноўвае дапамогу ў працаўладкаванні, арганізуе вучнёўскія і студэнцкія атрады. Звыш 350 юных сенненцаў сёлета змаглі папрацаваць і зарабіць уласныя грошы з дапамогай моладзевай арганізацыі. Для падвядзення вынікаў раённага конкурсу «Працоўны семестр — 2014» на сцэну была запрошана намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага аператыўнага штаба па каардынацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў Зоя Фаміна. У намінацыі «Лепшы наймальнік студэнцкіх атрадаў» узнагароджаны дырэктар Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі Валерый Кучко, дырэктар УП «Дружбінец» Аляксандр Басякоў. Адзначыўся і СУП «Саўгас імя Машэрава», якое сёлета прымала студэнтаў-памочнікаў Віцебскай ветакадэміі і ВДУ імя П.М.Машэрава.
У намінацыі «Лепшы вучнёўскі сельскагаспадарчы атрад» дыпломы і падарункі з рук Зоі Сцяпанаўны атрымалі камандзіры атрадаў «Машэраўцы» (Машканская ДССШ), «Легіён» (Багданаўская СШ) і «Працоўны дэсант»(Беліцкая ДССШ).
Некалькі тыдняў назад райкам ГА «БРСМ» аб’явіў конкурс сярод устаноў адукацыі па зборы другаснай сыравіны, у прыватнасці ПЭТ-бутэлек. Марына Наваковіч, першы сакратар раённай моладзевай арганізацыі, па чарзе запрашала на сцэну пераможцаў. Дыпломам трэцяй ступені і падарункам узнагароджаны прадстаўнікі Нямойтаўскай дзіцячага сада-базавай школы, дыпломам другой ступені — вучні з СШ №2 г.Сянно. Больш за ўсіх ПЭТ-бутэлек назбіралі школьнікі з Беліцы. Іх дасягненне — 400 кг пластыку за 2 месяцы.
Маладыя сем’і — пераможцы раённага конкурсу «Лепшы сельскі падворак» — сталі сапраўдным арыенцірам для аднавяскоўцаў у справах добраўпарадкавання і вядзенні гаспадаркі, зазначыў начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца. Акрамя гэтага, на вызначэнне лепшых спрыялі маральны клімат у сям’і, а таксама ўмовы, у якіх выхоўваюцца дзеці, якія растуць у любові і дабрыні. З 8 прэтэндэнтаў журы выбрала траіх: сем’і Ермашкевічаў з Багданаўскага, Валуевых з Беліцкага і Казловых са Студзёнкаўскага сельскіх саветаў.
Прыемным падарункам для маладых спецыялістаў і ўсіх прысутных сталі музычныя нумары, падрыхтаваныя выхаванцамі і супрацоўнікамі Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.
Ірына ХАСАНАВА.
НА ЗДЫМКАХ: Л. Хірэвіч, начальнік райсельгасхарчу, выступае перад маладымі спецыялістамі; З. Фаміна віншуе А. Басякова; на сцэне — калектыў Чашніцкага РЦДзіМ.