З пачатку сёлетняга навучальнага года вучні Літусаўскай базавай школы маюць магчымасць харчавацца ў абноўленай сталоўцы

ГС Такі падарунак школьнікам зрабіў калектыў работнікаў навучальнай установы.

Пасля чарговага наведвання  супрацоўнікамі РЦГЭ харчблоку паўстала пытанне аб спыненні яго эксплуатацыі. Разумеючы, што прывазныя абеды не лепшае выйсце, тым больш, што некаторыя вучні жывуць у суседніх вёсках і праводзяць у школе працяглы час у чаканні аўтобуса, паспрабавалі пашукаць іншае рашэнне праблемы.

На агульным прафсаюзным сходзе вырашылі сабраць уласныя сродкі для мадэрнізацыі сталовай. Усяго было сабрана 6 млн 750 тыс. рублёў. На гэтыя грошы закупілі ўсю неабходную сантэхніку для харчблоку, кольцы і трубы для каналізацыі, іншыя матэрыялы. З набыццём трох мыечных ваннаў дапамог раённы бюджэт. Траншэі пракапалі ўласнымі сіламі. Заадно вырашылі падрамантаваць памяшканне сталовай: памянялі падлогу, абнавілі шпалеры. Воданагравальнік, сталы і стулы прывезлі з Алексініцкай школы, якая ў гэтым навучальным годзе, як вядома, перастала працаваць. «Цяпер і дзецям добра, і санітарныя нормы захоўваюцца, работнікам харч­блоку, а таксама прыбіральшчыцам правацаць лягчэй. Адным словам, у выйгрышы аказаліся ўсе!»— з задавальненнем гаворыць намеснік дырэктара па гаспадарчай часці Літусаўскай школы Ірына Траян.

 Таццяна Буракова.