Захавальніца рамяства з Багушэўска

IMG_0686Згадзіцеся, сёння ўбачыць калаўрот ва ўжытку — удача. А знайсці гаспадыню, якая ўмее на ёй працаваць, — яшчэ большая. Тамара Клыкоўская з Багушэўска  ў гэтым плане чалавек унікальны.  Любую пражу зрабіць можа.

Летась, напрыклад, да Тамары Рыгораўны прыязджалі расіяне. У пошуках майстрыхі, якая б змагла спрасці сабачую поўсць, яны аб’ехалі не адну вёску.

… Рамяство ёй перадалося не па спадчыне. Маладзенькая выпускніца Віцебскага педінстытута патрапіла па размеркаванні ў вёску Лучазарнае, дзе выкладала ў школе фізіку ды матэматыку. Вось тады і зацікавіў дзяўчыну незвычайны занятак мясцовых бабуль. У іх і  вучылася прасці. Адна з «настаўніц» неўзабаве стала для сваёй «вучаніцы» свекрывёй.

«У вёсцы тады шмат трымалі авечак, а таму праблем з набыццём  воўны не было», —  успамінае Тамара Клыкоўская.

З цягам часу і маладая сям’я абзавялася сваёй немалой гаспадаркай. «Каго толькі не трымалі: і каня, і кароў, і гусей, і, зразумела, авечак. Я нават іх сама навучылася стрыгчы», —  расказвае Тамара Клыкоўская. Ура­джэнцы гарпасёлка сельскагаспадарчыя справы былі ў навінку, а таму выклікалі зацікаўленасць. Акрамя таго, хацелася выглядаць перад месцічамі спраўнай гаспадыняй.

Зараз Тамара Клыкоўская жыве ў родным Багушэўску. За плячыма — 27 гадоў нялёгкай настаўніцкай працы. Большасць з іх  выкладала ў санаторнай школе-інтэрнаце. З нядаўняга часу  жанчына працуе псіхолагам у аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабі­літацыі і дзённага знахо­джання для грамадзян сталага ўзросту г.п.Багушэўск. Дапамагае людзям знайсці выйсце ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.

Але на сваё, цяпер ужо хобі, Тамара Рыгораўна не забываецца. Старэнькая самапрадка (у маладосці яна купіла яе ў адной з вясковых бабуль) у куце не прастойвае. Воўну жанчына набывае ў мясцовага фермера, які займаецца авечкагадоўляй. А з атрыманых нітак вяжа (вязанню навучылася ўжо ад маці) розныя цёплыя і ўтульныя рэчы для сябе, родных, сяброў, знаёмых. Адно шкада, перадаць майстэрства некаму. У Тамары Рыгораўны  двое сыноў, і жаночая справа іх не надта вабіць.

Сёння авечкагадоўля выбрана перспектыўным напрамкам сельгасвытворчасці на Віцебшчыне. Хто ведае, можа з адра­д­жэн­нем галіны вернецца і за­цікаўленасць да ўмення прасці. І зноў пабяжыць у жаночых  руках  тонкая шурпатая ніць, бясконцая як гэты свет.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.