Багушэўцы вучыліся процістаяць пажарам

klkpopНа жаль,  разам з надыходам  халадоў,  пачаткам ацяпляльнага сезону расце і «вогненная статыстыка». Каб прадухіліць надзвычайныя здарэнні, якія могуць прывесці да трагедыі, супрацоўнікі пажарнай службы ў гэтыя дні правяраюць на бяспеку домаўладанні найбольш уразлівых катэгорый грамадзян, арганізуюць прафілактычныя гутаркі ў працоўных калектывах, установах адукацыі, з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў. На днях у Багушэўскім сельвыканкаме з удзелам інспектара інспекцыі нагляду і прафілактыкі Сенненскага РАНС Сяргея Паўлоўскага, начальніка аддзялення ДАІ Сенненскага РАУС Віктара Наваковіча, інспектара Сенненскага энерганагляду Алега Ждановіча прайшоў навучальны семінар «Абарані сябе сам».

На сустрэчу былі запрошаны наведвальнікі ад­дзялення сацыяльнай адап­тацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту г.п.Багушэўск, сацыяльныя работнікі, патранажныя медсёстры, паштавікі, сацыяльныя педагогі і намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце школ гарпасёлка — адным словам, усе тыя, хто здольны весці прафілактычную работу з насельніцтвам.

Сяргей Паўлоўскі пачаў са статыстыкі. За мінулы перыяд 2014 года ў раёне зарэгістравана 35 пажараў, у агні загінулі 3 чалавекі. За аналагічны перыяд мінулага года — 27 узгаранняў, 5 чалавек загінулі. Ён падрабязна, з прывядзеннем канкрэтных прык­ладаў, прааналізаваў асноўныя прычыны пажараў. Найчасцей да трагедый прыводзіць так званы чалавечы фактар: неасцярожнае абыходжанне з агнём у стане алкагольнага ап’янення, курэнне ў ложку, парушэнні правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электрапрыбораў, выпальванне сухой травы.

— Захаваць жыццё і домаўладанне можна, усталяваўшы аўтаномны пажарны апавяшчальнік, — адзначыў спецыяліст РАНС. Ён распавёў пра работу прыбора, выпадкі, у якіх, дзякуючы апавяшчальніку, ад гібелі ў агні былі выратаваны людзі, іх маёмасць.

Пасля выступлення С. Паўлоўскі раздаў прысутным лістоўкі, як напамін аб правілах пажарнай бяспекі.

Прадстаўнік энерганагляду засяродзіў увагу прысутных на бяспеку жыц­ця і здароўя пры карыстанні электрычным абсталяваннем.

Лірычную ноту ў сустрэчу ўнесла мясцовая паэтэса Раіса Мацюшкіна. Жанчына прачытала верш уласнага сачынення на супрацьпажарную тэматыку.

Да размовы далучыўся Віктар Наваковіч. Ён не абмінуў тэму правілаў дарожнага руху і дарожна-транспартных здарэнняў. За 9 месяцаў бягучага года на тэрыторыі раёна выяўлена 325 пешаходаў-парушальнікаў, 47 з іх на момант здзяйснення правапарушэнняў знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. У сувязі са скарачэннем светлавога дня і ў мэтах змяншэння дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам пешаходаў, веласіпедыстаў, гужавых павозак Віктар Валянцінавіч скіраваў увагу прысутных на неабходнасць выкарыстання ў цёмны час сутак святлоадлюстроўваючых элементаў.

Дарэчы быў і прагляд тэматычных відэафільмаў, прадастаўленых супрацоўнікамі РАНС і АДАІ.

Ірына ХАСАНАВА.