На днях у Сянне пабываў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Папкоў. У райвыканкаме ён правёў прыём выбаршчыкаў. Некаторыя праблемы, з якімі звярнуліся сенненцы да дэпутата, носяць застарэлы характар

ГС Жыхары вуліцы Мічурына не першы год звяртаюцца ў розныя ін­станцыі, каб атрымаць пітную ваду належнай якасці. А пакуль што бяруць яе з адкрытых крыніц. У 2011 годзе было нават прынята рашэнне аб падрыхтоўцы каштарысна-праектнай дакументацыі для пракладкі водаправода. У сакавіку 2013 года, пасля звароту людзей да Аляксандра Папкова, аб’ект быў уключаны на 2014 год у праграму «Чыстая вада». Аднак пазней яго выключылі.

— Чаму я пра гэта даведваюся толькі зараз? — абурыўся Аляксандр Папкоў. Аказалася, што Сяргей Пракаповіч, намеснік старшыні райвыканкама, які курыруе сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва, спадзяваўся ўласнымі намаганнямі вырашыць праб­лему. Не ўдалося. У выніку людзі, якім абяцалі дапамагчы, лічаць сябе падманутымі і працягваюць абіваць парогі ўладных структур. Не так даўно пабывалі на прыёме старшыні райвыканкама, па даручэнні якога каштарысна-праектная дакументацыя будзе падрыхтавана яшчэ сёлета за сродкі раённага бюджэта. Аляксандр Папкоў у час прыёма звязаўся з першым намеснікам старшыні аблвыканкама Генадзем Грэбневым, прасіў яго дапамагчы. Вырашэнне праб­лемы павысіць якасць жыцця значнай колькасці людзей, аўтарытэт улады.

Рэгулярна на прыём да дэпутата прыходзяць жыхары 8-кватэрнага дома, што знаходзіцца на плошчы райцэнтра. Пабудаваны ў пасляваенныя гады, ён не мае ні цэнтральнага ацяплення, ні каналізацыі. З гадамі патрэскаліся сцены, патрабуе ўмацавання фундамент. Але галоўная праблема пабудовы — перакрыцці. Яны драўляныя, патрабуюць  замены. Гэта вынікае з вывадаў экспертызы, праведзенай па замове райвыканкама спецыялістамі спецыялізаванай установы. Між тым, большасць кватэр прыватызавана, людзі панеслі затраты на замену вокнаў, хацелі б правесці газіфікацыю, карыстацца цэнтральнай каналізацыяй. Але ці ёсць сэнс весці гэтыя работы? З іншага боку, дом не прызнаны аварыйным.

Якія захады прымаць у такой сітуацыі? Пытанне, адказ на якое шукае і раённая ўлада. Самы аптымальны варыянт — пабудаваць на месцы дома, які знаходзіцца ў цэнтры горада, непадалёк ад асноўных камунікацый, офіс багатай установы ці, напрыклад, магазін «Еўраопта», а людзям, за кошт забудоўшчыка, прадаставіць новае жыллё. Ва ўсякім разе ў час прыёма грамадзян абмен думкамі ў гэтым накірунку паміж дэпутатам і прадстаўнікамі раённай улады вёўся.

У хаце Надзеі Шарэнда,  якая знаходзіцца непадалёк ад цэха Аршанскага МК, шум у выніку вытворчай дзейнасці перавышае дапушчальны мінімум, што пацверджана заключэннем РЦГЭ. Работа вядзецца кругласутачна, а таму людзі не могуць адпачыць нават ноччу. Звароты жанчыны да адміністрацыі малочнага камбіната засталіся непачутымі. Нават ранейшы кіраўнік райвыканкама толькі развёў рукамі. Маўляў, вытворчасць не спыніш. На думку дэпутата, у такой сітуацыі кіраўніка прадпрыемства трэба запрасіць на пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і ўжыць уладу. Аляксандр Папкоў і сам прыняў захады для вырашэння праблемы. Па-першае, ён патэлефанаваў галоўнаму ўрачу абласной санітарнай службы і папрасіў прыняць меры, каб ліквідаваць парушэнне санітарнай нор­мы. Па-другое, звязаўся з дырэктарам прадпрыемства і настойліва параіў знайсці рашэнне праблемы, пакуль санітарная служба не ўжыла штрафныя санкцыі.

Пенсіянерка Ніна Вакунова некалі працавала на Сенненскім заводзе сухога абястлушчанага малака. Атрымала ад прадпрыемства кватэру. Нядаўна вырашыла яе прыватызаваць, стала рыхтаваць неабходныя дакументы і тут высветлілася, што ў тэхнічным паспарце на кватэру дапушчана арыфметычная памылка. На падставе гэтага ў ордэры таксама памылкова ўказана плошча. А значыць частку дакументаў трэба афармляць нанава, несці дадатковыя затраты.

— Чаму я павінна зноў плаціць? — не разумее жанчына. — Хай заплаціць вінаваты…

Але ж яго, вінаватага, яшчэ трэба знайсці. А як, калі прайшло столькі гадоў, калі няма нават арганізацый, якія рыхтавалі дакументы, будавалі жыллё.

— Я б вам раіў усё ж такі патраціцца зноў і давесці прыватызацыю жылля да канца. Інакш трэба звяртацца ў суд, што таксама запатрабуе выдаткаў, — выказаўся на развітанне дэпутат.

На прыём да Аляксандра Папкова прыйшлі  ўласнікі  ПІКапаў, аўтама­біляў, якія некалі выпускаліся на базе «Масквіча». Пры ўвядзенні дарожнага збору, гэтыя аўто чамусьці аднеслі да катэгорыі грузавых, устаноўлена адпаведная плата. Анатоль Шадзянкоў і Ва­сіль Бельскі лічаць такі падыход несправядлівым, бо па сутнасці ПІКап — гэта легкавік. Сваё бачанне праблемы яны выклалі ў пісьме і накіравалі яго дэпутату. Аляксандр Папкоў пераадрасаваў яго Мі­ністэрству па падатках і зборах.

— Пасля разгляду пісьма адказ будзе дасланы і вам, і мне. А ў цэлым вельмі граматнае пісьмо, — выказаўся дэпутат.

Пасля заканчэння прыёму Аляксандр Папкоў цікавіўся ў прадстаўнікоў раённай улады, як вырашаецца праблема газіфікацыі Багушэўска, будаўніцтва ў мястэчку новага будынка ўчастковай бальніцы. У сувязі з гэтым тэлефанаваў у абласное ўпраўленне аховы здароўя. Ён лічыць, што прадстаўнікам усіх узроўняў улады трэба больш кантактаваць, больш настойліва працаваць над вырашэннем праблем, што  ўзнімаюцца насельніцтвам.