Захавальнікі сенненскіх дарог не сядзяць без справы

1

Прафесійнае свята і аўтамабілістаў, і дарожнікаў нездарма адзначаецца ў адзін і той жа дзень. Яднаюць людзей гэтых розных прафесій дарогі. Каб вадзіцелі камфортна адчувалі сябе ў час паездак, каб рух быў бяспечным, трэба папрацаваць дарожнікам.

         Пра работу сваёй арганізацыі расказаў дырэктар Сенненскага ДРБУ-146 Васіль СТУПАНЕВІЧ.

— Васіль Аляксандравіч, вы кіруеце арганізацыяй восем месяцаў. Што зроблена за гэты час?

— Акрамя ўтрымання і абслугоўвання дарог, арганізацыя робіць іх бягучы рамонт. Цяпер, напрыклад, добраўпарадкоўваецца вуліца Заходняя райцэнтра: устанаўліваюцца бардзюры, кладзецца асфальтавае пакрыццё на праезнай частцы, будуюцца тратуарныя дарожкі. За перыяд з ліпеня па верасень на гэтым аб’екце асвоена 2 млрд 418 млн рублёў.

Вядзецца капітальны рамонт вуліц Назаранкі і Авіяцыйнай. Тут асвоена 2 млрд 8 млн рублёў. Яшчэ будзем пракладваць на гэтых вуліцах ліўневую каналізацыю. Па дагаворы з ЖКГ робім ямачны рамонт на вуліцах горада, выканалі работ на 445 млн. У будаўніцтва гарадской пляцоўкі для гульні ў міні-футбол нашы дарожнікі таксама ўнеслі свой уклад. Новае асфальтавае пакрыццё тэрыторый гарадскога рынка і цэха «Сенненскі» Аршанскага малочнага камбіната таксама справа рук работнікаў нашага ўпраўлення. У парадку спонсарскай дапамогі абнавілі асфальтавае пакрыццё на тэрыторыі ясляў-сада №2 г.Сянно.

2         — Усе пералічаныя вамі работы вядуцца ў райцэнтры. А што робіцца ў сельскай мясцовасці?  

— Рэгулярна займаемся падсыпкай і грэйдыраваннем дарог. Аказваем дапамогу па зносе старых дамоў і фундаментаў. Заасфальтавалі пад’язныя шляхі да ачысных збудаванняў Багушэўскага спірт­завода. Зроблена асфальтавае пакрыццё пад складскія памяшканні ВДМС.

— Ці шукаеце работу за межамі раёна?

—  Сёлета наша арганізацыя працавала ў Новалукомлі, асфальтавалі тэрыторыю завода керамзітавага гравію. У Віцебску правялі бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця вакол жылых дамоў па праспекце Фрунзе. Працавалі і ў Гарадку на добраўпарадкаванні вуліц да «Дажынак».

Як  бачыце, дарожнікі не сядзяць без справы. Сітуацыя з забеспячэннем аб’ёмаў работ змянілася з прыходам на пасаду старшыні Сенненскага райвыканкама Васіля Чарадніка. Калектыў шчыра ўдзячны Васілю Анатольевічу за падтрымку і дапамогу.

— Якім яшчэ чынам дарожнікі могуць зарабіць грошы? 

— Арганізацыя аказвае платныя паслугі насельніцтву. Прадастаўляем экскаватар, пагрузчык, грэйдолу. Гэтай паслугай за 9 месяцаў бягучага года зарабілі 36 млн рублёў. Юрыдычныя асобы, якія заказвалі ў нас тэхніку, прынеслі арганізацыі 394 млн. Прадаём пясок і шчэбень, які вырабляем на ўласным заводзе, што знаходзіцца ў кар’еры «Оўсішча».

— Працу дарожніка лёгкай не назавеш. Ці прадугледжаны ў арганізацыі «сацыяльны пакет», каб заахвоціць работнікаў?

— Калектыўным дагаворам прадугледжаны грашовыя выплаты да 8 Сака­віка, 23 лютага, да шлюбу, нараджэння дзі­цяці, усынаўлення, юбілею работніка, да Дня пажылых лю­дзей, прафесійнага свята, пачатку навучальнага го­да, пры выхадзе на пенсію і ў іншых выпадках.

Каб палепшыць умовы працы і адпачынку членаў калектыву, абсталяваны пакой прыёму ежы, дзе ўстаноўлены хала­дзільнік і мікрахвалевая печ. Нашы работнікі маюць магчымасць займацца на трэнажорах, якія размешчаны таксама ў спецыяльным пакоі. Побач абсталяваны душавая і раздзявальня. Людзі, безумоўна, адчуваюць клопат і імкнуцца працаваць з аддачай.

3     — Каго можаце назваць сярод лепшых?

— Да прафесійнага свята Ганаровай граматай райвыканкама будзе ўзнагароджаны Анатоль Луцэйковіч, вадзіцель аўтамабіля, які адпрацаваў у арганізацыі 18 гадоў. Альберт Сергаян, брыгадзір брыгады па ўкладцы асфальтабетону, які 30 гадоў аддаў ДРБУ і, дасягнуўшы пенсійнага ўзросту, працягвае працаваць у арганізацыі, прадстаўлены да ганаровага звання «Ветэран працы». Ганаровай граматай Віцебскаблдарбуда будзе ўзнагароджана інспектар па кадрах Святлана Луцэйковіч. Падзякай адзначаны Іван Снітко, машыніст укладчыка асфальтабетону.

Заслужана носіць званне «Ветэран працы» вадзіцель аўтамабіля Васіль Сінякоў, які 28 гадоў аддаў арганізацыі. Дарэчы, яго сын Сяргей 8 гадоў працуе ў ДРБУ вадзіцелем бензавоза.

Сярод  лепшых можна назваць і дарожных рабочых Пятра Дварака, Сяргея Матулеўскага, Яўгена Тарасевіча, Ігара Макавецкага, трактарыста Аляксандра Латышава, машыністаў аўтагрэйдараў Анатоля Квасніцкага і Міхаіла Яроменку, вадзіцеляў Аляксандра Юркова і Аляксея Багданава, электразваршчыка Алега Гарбачова, драбільшчыка Уладзіміра Мазанава.

Напярэдадні прафе­сійнага свята хочацца добрым словам успомніць нашых пенсіянераў, праца якіх таксама ўкладзена ў дарогі Сенненшчыны. На сённяшні дзень на заслужаным адпачынку знаходзіцца 30 нашых былых работнікаў.

Па 38 гадоў адпрацавалі  вадзіцелямі Генадзь Фандо і Леанід  Гарбачоў. 34 гады стварала чысціню і ўтульнасць у арганізацыі былая тэхнічка Надзея Буйневіч. 32 гады прысвяціла рабоце ў арганізацыі інжынер па ахове працы Антані­на Наваковіч. Тры дзесяцігоддзі аддаў дарожнай справе трактарыст Вячаслаў Сцяпанаў. 30 гадоў адпрацавала ў ДРБУ Ядвіга Радкевіч, ветэран вайны, узнагаро­джаная ордэнам Айчыннай вайны.

Хочацца, карыстаючыся выпадкам, сказаць вялікае дзякуй за работу членам калектыву і яго ветэранам.

— Поспехаў вам, Васіль Аляксандравіч, і ўсяму калектыву ДРБУ-146  у нялёгкай справе захавальнікаў дарог.

 ГутарылаТаццяна Буракова.

 На здымках: на ўкладцы асфальтабетону па вуліцы Заходняй працуе брыгада пад кіраўніцтвам Альберта Сергаяна; дырэктар Сенненскага ДРБУ-146 Васіль Ступаневіч; вадзіцель  аўтобуса Васіль Сінякоў .