Паўвека за рулём аўтамабіля

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЗа плячыма Вячаслава Ждановіча (на здымку) 74 гады жыцця, 54 з іх ён працуе вадзіцелем аўтамабіля, апошнім часам — ва ўнітарным прадпрыемстве «Дружбінец».

«Прафесію я атрымаў дзякуючы ваенкамату. У 1960 годзе нас, 32 юнакі з Сенненскага раёна, накіравалі на вучобу ў Высокае, у мясцовае ПТВ», —  успамінае Вячаслаў Пятровіч. Вучоба доўжылася 6 месяцаў. Хлопцы вывучалі правілы дарожнага руху, вучыліся вадзіць аўтамабіль. Шмат часу адводзілася для вывучэння матэрыяльнай часткі тэхнікі.

Працоўную дзейнасць Вячаслаў Ждановіч пачаў у саўгасе «Полымя» вадзіцелем грузавога аўтамабіля. Неў­забаве буйнейшую ў раёне гаспадарку падзялілі.

«Мой аўтамабіль быў прыпісаны да Куйбышаўскага аддзялення, у якое ўваходзіла Оўсішча і бліжэйшыя вёскі. У выніку я стаў працаваць у новым саўгасе —  імя Данукалава», — расказвае мой субяседнік. Гаспадарку ўзначаліў Пётр Духовіч, легендарная для сенненцаў старэйшага ўзросту асоба. Кіраўнік прапанаваў маладому хлопцу стаць яго персанальным вадзіцелем. Адмовіцца ад прапановы не хапіла духу і на некаторы час Вячаслаў Ждановіч перасеў за руль легкавіка.

Вячаслаў Пятровіч працаваў не ў адной арганізацыі. Але найбольш часу, 33 гады, ён аддаў сельгастэхніцы. Усю Беларусь, Украіну скалясіў, ездзіў у Польшчу, Расію. Бывала, што за месяц на МАЗе з прычэпам 2-3 рэйсы рабіў у Краснадарскі край, Адыгею ці Растоў. На поўдзень Расіі звычайна везлі піламатэрыялы, адтуль — зерне. На дарогу ў адзін бок прыпадала па двое-трое сутак. Пагрузка-разгрузка таксама займалі час. Спаць, харчавацца ў тыя часы вадзіцелям даводзілася непасрэдна ў кабіне аўтамабіля ці на ўзбочыне дарогі. Калі ў камандзіроўку накіроў­ваўся яшчэ і забеспячэнец прадпрыемства, вадзіцель у час стаянкі драмаў, паклаўшы галаву на руль. Пры гэтым Вячаслаў Пятровіч за сваё працоўнае жыццё не здзейсніў ні аднаго дарожна-транспартнага здарэння. «У дарозе для вадзіцеля галоўнае своечасова паспаць, хоць гадзіну-другую, хоць дзесяць-дваццаць хвілін», — лічыць Вячаслаў Ждановіч.

Эх, дарогі. Колькі іх кіламетраў лягло пад колы аўтамабіля пад кіраўніцтвам вадзіцеля-ветэрана. І ўсё больш вузкіх, у выбоінах. Расійскія дарогі нават у часы СССР не вызначаліся якасцю. А дарожныя паборы! Той пост ДАІ на ўездзе ў сумна вядомую станіцу Кушчоўская ў Растоўскай вобласці Вячаслаў Ждановіч помніць да гэтага часу. «Што мясцовая міліцыя займаецца паборамі, мы ведалі. Аднаго разу з напарнікам паспрабавалі аб’ехаць пост па палявой дарозе. Нас заўважылі ў бінокль, дагналі. У мяне расійскіх грошай не было, таму прымусілі сесці ў міліцэйскі УАЗ, павезлі ў стэп… Пагражалі, абражалі, а потым выпіхнулі з машыны», — што пагрозы тыя не былі пустымі словамі Вячаслаў Пятровіч разумеў і тады. Але сапраўдны страх прыйшоў пазней, калі праз гады ў газетах сталі пісаць пра кушчоўскую банду, удзел у ёй міліцыянераў.

Добра помніцца да гэтай пары яшчэ адзін выпадак, што здарыўся з ім ва Украіне, у Палтаўскай вобласці.

… Дарога, пакрытая галалёдам, вяла ўверх. Машыны з прычэпам, загружаныя да верху дошкамі, ледзь паўзлі. Пераадолець пад’ём удалося толькі той, за рулём якой сядзеў Вячаслаў Ждановіч. На самай вяршыні ён адчапіў прычэп і накіраваўся ўніз, каб у дзве цягі падцягнуць машыну з прычэпам напарніка. Падымаючыся ўверх, з кабіны свайго грузавіка вадзіцель заўважыў нейкі рух ля кінутага прычэпа, міліцэйскі аўтамабіль побач. Як потым высветлілася, пакуль беларускія вадзіцелі счэплівалі свае машыны, у прычэп урэзалася міліцэйская «дзявятка», у выніку чаго легкавік атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні. Выклікалі ДАІ, правялі вымярэнні, склалі пратакол. Па дакуменце выходзіла, што Ждановіч не парушаў правілы дарожнага руху. А гэта азначала, што міліцыянеру-лейтэнанту трэба аднаўляць машыну за ўласныя сродкі, чаго яму вельмі не хацелася. У выніку з’явіўся новы пратакол, згодна з якім кола аўтамабіля Ждановіча ўсё ж на нейкі сантыметр знаходзілася на праезнай частцы. Вячаслаў Пятровіч не пагадзіўся з пратаколам, заявіў, што ўнясе грошы за рамонт аўтамабіля толькі па рашэнні суда. У рэшце рэшт яму вярнулі вадзіцельскае пасведчанне і ён прадоўжыў рэйс. Праўда, пашпарт застаўся ў міліцыянераў. Пасведчанне асобы вярнулі пазней. З часам перастаў тэлефанаваць і віноўнік дарожна-транспартнага здарэння, зразумеў, відаць, бесперспектыўнасць сваіх намераў.

Наша сустрэча з Вячаславам Пятровічам адбывалася ў майстэрні УП «Дружбінец». Мы гутарылі, пакуль  МАЗ-пяцітоннік грузілі спісанымі акумулятарнымі батарэямі. «Павязу на ўтылізацыю ў Віцебск»,— патлумачыў вадзіцель-ветэран. І з сумам дадаў: «Я цяпер больш «па кухні» працую. Прыйшло і разуменне — пара на адпачынак. Вадзіцель, як і спартсмен, павінен сыходзіць своечасова».

Аляксандр ІЎЕЎ.