Банкамат з’ехаў

           ГС     Куды? Уладальнікаў  банкаўскіх  пластыкавых картак аб гэтым нават не праінфармавалі. Што гэта? Недахоп выхавання ў работнікаў разлікова-касавага цэнтра г. Сянно ААТ «Белаграпрамбанк» ці сур’ёзныя пралікі ў рабоце з кліентамі?

У еўрапейскіх краінах наяўнасць у кішэні асобы банкаўскай карткі сведчыць пра стабільнасць даходаў, даволі высокі ўзровень жыцця і месца ў сацыяльнай іерархіі яе ўладальніка. Большасць дарослага насель­ніцтва Беларусі таксама мае банкаўскія карткі. На іх залічваецца зарплата, пенсіі. З іх дапамогай можна набыць тавар у магазіне, білет на праезд па чыгунцы, разлічыцца за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, унесці плацяжы па крэдытах. Працягваць пералік няма сэнсу. Ён даволі шырокі. Дадамо толькі, што значная колькасць беларусаў, па той ці іншай прычыне, аддае перавагу наяўным грошам. А таму ля банкаматаў нярэдка назіраюцца чэргі.

Нядаўна адзін з іх, устаноўлены ААТ «Белагра­прамбанк» у райцэнтры, змяніў прапіску. Цяпер ён знаходзіцца ў будынку разлікова-касавага цэнтра. Жыццё мяняецца, сам па сабе гэта самы звычайны факт. Іншая справа, што ніякай інфармацыі на гэты конт нідзе так і не з’явілася: ні па ранейшым месцы знаходжання банкамата, ні ў сродках масавай інфармацыі. А між тым такія спантанныя дзеянні стварылі шмат нязручнасцей для многіх людзей. Аўтару гэтых радкоў  давялося стаць сведкай наступнай сітуацыі. Да банкамата Беларусбанка, што ўстаноўлены на вуліцы Савецкай, падыйшла маладая жанчына, якой  тэрмінова спатрэбіліся наяўныя грошы. Як на бяду на той момант банкамат не працаваў, пайшла да аператара — там чарга. Жанчына заплакала. Між тым банкамат Белаграпрамбанка, той, што пераехаў, знаходзіцца побач — у нейкіх 300 метрах. Лагічна было б ля кожнага з падобных аўтаматаў устанавіць інфармацыю з указаннем адрасу бліжэйшага банкамата. Ды і ўвогуле, аб любых зменах, што адбываюцца не толькі ў банкаўскай сферы, трэба інфармаваць лю­дзей. Гэта абавязак адміністрацыі ўстаноў, гэта паказчык цывілізаванасці грамадства і адносін да кліентаў.

 Аляксандр ІЎЕЎ.