Милицейская сводка от Сенненского РОВД
6 кастрычніка на 56-м кіламетры аўтадарогі Віцебск-Сянно-Талачын адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога на месцы здарэння загінуў пенсіянер, жыхар Савініч.
Вечарам ён ехаў на кані, запрэжаным у воз. Непадалёк ад вёскі гужавы транспартны сродак, абазначаны святлоадлюстроўваючымі элементамі, пратараніў аўтамабіль ДЭУ Нэксія, што рухаўся ў папутным накірунку. За рулём аўтатранспартнага сродку знаходзіўся работнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Таксі 107». Супраць яго, па прычыне парушэння правілаў дарожнага руху, узбуджана крымінальная справа.
Паквапіўся на веласіпед
У верасні вучань Машчонскай школы не стрымаўся і ўкраў веласіпед, які знаходзіўся ў пад’ездзе аднаго са шматкватэрных дамоў па вуліцы Перамогі, што ў райцэнтры.
Нядаўна супраць падлетка ўзбуджана крымінальная справа.
За парушэнне
ветэрынарных правілаў
У сувязі з узнікненнем ачага афрыканскай чумы свіней летам мінулага года на свінакомплексе СУП «Саўгас імя Машэрава» было ліквідавана 12946 галоў свіней вагой 522105 кілаграмаў, што прынесла сельгасарганізацыі шкоду на суму 9573839385 рублёў.
У сувязі з гэтым узбуджана крымінальная справа. Праваахоўныя органы лічаць, што ў даным выпадку мае месца парушэнне ветэрынарных правілаў. Пасадавыя асобы саўгаса неналежным чынам кантралявалі план мерапрыемстваў, што быў распрацаваны, каб інфекцыйнае захворванне не патрапіла на вытворчы аб’ект.
Прапаў чалавек
Інвалід другой групы па псіхічным захворванні Сяргей Андрушчанка, 1994 года нараджэння, знаходзіўся ў Багушэўскім доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 28 верасня вечарам юнак самавольна пакінуў установу.
Месца яго знаходжання невядома да гэтага часу. А па факце адсутнасці без вестак узбуджана крымінальная справа.