Спартакіяда дружыннікаў і падлеткаў
На базе Сенненскага РАНС у чарговы раз прайшла раённая спартакіяда членаў добраахвотных дружын і падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, на ўнутрышкольным кантролі, і падлеткаў з сем,яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Намеснік старшыні райвыканкама З.С.Фаміна ў час урачыстага адкрыцця спартакіяды падзякавала ўдзельнікам добраахвотных дружын за адкрытыя сэрцы і добрую душу, з якімі яны бескарысліва ідуць на дапамогу людзям. Намеснік старшыні райвыканкама падкрэсліла, што такія мерапрыемствы, як гэта спартакіяда, садзейнічаюць умацаваннюздароўя, далучаюць да заняткаў фізкультурай і спортам.
У правядзенні спаборніцтваў прынялі таксама ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С.С.Мяцеліца, начальнік аддзела па справах моладзі М.Л.Наваковіч, першы сакратар райкама ГА «БРСМ» А.У.Абушкевіч, іншыя адказныя асобы.
Ганаровае права падняць флаг спартакіяды было дадзена мінулагоднім пераможцам Андрэю Лычуку і Васілю Бараноўскаму, старшыні Студзёнкаўскага сельскага Савета, каманда якога з’яўлялася леташнім лідарам.
Перад пачаткам спаборніцтваў сваё майстэрства прысутным прадэманстравалі выратавальнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны таксама запрасілі жадаючых паспрабаваць сябе ў ролі пажарных.
З праграмай спартакіяды ўдзельнікаў пазнаёміў начальнік аддзела па фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Гардзецкі. Спаборніцтвы для падлеткаў складаліся са спартыўна-прыкладнога мнагаборства, паласы перашкод, стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі. Члены добраахвотных дружын, акрамя гэтага, паказалі свае веды ў спецыяльнай падрыхтоўцы і сілу — у перацягванні каната.
Сёлета ў спартакіядзе прынялі ўдзел 9 каманд прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, сельскіх Саветаў і 18 падлеткаў.
У выніку ўпартай барацьбы пераможцамі сярод падлеткаў сталі Арцём Лагуноў (першае месца, СШ №1 г.п.Багушэўска), Аляксей Матыгін (другое месца, Студзёнкаўская школа), Міхаіл Малей (трэцяе месца, Нямойтаўская школа).
Сярод дружыннікаў першай была каманда ПМК-64. Другое месца ў меліяратараў Сенненскага ПМС, на трэцім — каманда РУСП «Дружбінец».
Пераможцы атрымалі Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі.
Таццяна Буракова.