Майстар, які вучыцца ўсё жыццё

 mhМы часта (і да месца, і не да месца) карыстаемся словазлучэннем «майстар на ўсе рукі». Але што тычыцца станочніка дрэваапрацоўчых станкоў 6 разраду Сенненскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віктара Дунца, то ходкі выраз быццам прыдуманы спецыяльна для яго. Напэўна няма будаўніча-рамонтных работ, якія б не мог выканаць Віктар Мікітавіч. Хаця з гэтай справай жыццё яго звязала не адразу.

Пасля заканчэння першай сенненскай школы наш зямляк колькі часу працаваў на льнозаводзе грузчыкам. Потым была тэрміновая служба ў войсках супрацьпаветранай абароны Ленінградскай ваеннай акругі аператарам радыялакацыйнай станцыі. Дарэчы, гэтай спецыяльнасці абучыўся без асаблівых цяжкасцей, як, прынамсі, і ўсім астатнім, якімі валодае сёння. Жаданне вучыцца новаму Віктар Мікітавіч пранёс праз усё жыццё.

Пасля дэмабілізацыі з арміі вывучыўся на памочніка машыніста цеплавоза. Але на чыгунцы папрацаваў толькі тры месяцы: адчуў — не яго. Вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся ў Сенненскую ПМК-48 — тады прафесія будаўніка была ў пашане, ды і грошы прыно­сіла дастойныя. Тут Віктар асвоіў сваю першую будаўні­чую спецыяльнасць цесляра-бетоншчыка. Калі арганізацыя ўлілася ў ПМК-64, быў ужо брыгадзірам цесляроў-бетоншчыкаў. Але прыйшлі «дрэнныя часы», не стала  заказаў на будаўніцтва, калектыў застаўся без работы. Як выйсце кіраўніцтва прапанавала заробкі ў Маскве.

«З’ездзіў і вырашыў: гэта быў першы і апошні раз. Працавалі мы шмат, бо грошы паабяцалі нядрэнныя. А калі прыйшла пара разлічвацца, прыехаў працадаўца і сказаў, што мы не далі належнай выпрацоўкі. Я ў гэтай справе не навічок і ў нормах выпрацоўкі разбіраюся: усё ў нас было зроблена згодна з дагаворам, а заплацілі менш. Хаця па тым часе для нас гэта былі таксама немалыя грошы. Але ад такіх заробкаў зарокся раз і назаўсёды», — успамінае Віктар Мікітавіч.

Вярнуўся з Масквы. Куды падацца? Работы ў ПМК па-ранейшаму няма. Дапамог шчаслівы выпадак: запрасіў  тагачасны дырэктар РУП ЖКГ Уладзімір Камісараў, спатрэбіліся прадпрыемству страхары і станочнікі. Віктар Мікітавіч зноў вывучыўся новай для сябе справе і вось ужо чатырнаццаць гадоў працуе.  Спасцігнуў тут яшчэ шмат рамонтна-будаўнічых работ. А цяпер гэта як раз дарэчы, бо камунальнікі пераходзяць на сістэму сумяшчэння прафесій. На пытанне, калі спатрэбіцца, зноў будзеце вучыцца, майстар з гатоўнасцю адказаў: калі трэба, чаму б і не. Тым больш, што разлічвае Віктар Мікітавіч яшчэ гады тры-чатыры «пасля пенсіі» папрацаваць. Калі меркаваць па цяперашнім становішчы, то разлік цалкам  рэальны, бо на работу ў райжылкамунгас, як гаворыцца, чарга не стаіць.

Знаходзіць сабе занятак шчыры працаўнік і ў вольны ад работы час. У сезон грыбоў ён у лесе. У час рамонтаў знаёмыя і незнаёмыя (працуе сарафаннае радыё) просяць дапамагчы з добраўпарадкаваннем кватэр.

А ў асабістым жыцці Віктар Дунец ганарыцца сынам — дастойным прадаўжальнікам фаміліі. Сяргей хоць і не пайшоў бацькавым шляхам, але знайшоў сябе ў іншым —  ён трэнер прафесійнай футбольнай каманды ў Малдове. Разам з жонкай Раісай Яўгенаўнай, былой работніцай Сенненскай бібліятэкі, а цяпер пенсіянеркай, радуецца Віктар Мікітавіч унучцы Верачцы, якой хутка споўніцца два гадочкі.

Ёсць для каго жыць і працаваць, а гэта галоўнае ў жыцці.

Таццяна Буракова.

На здымку: станочнік дрэваапрацоўчых станкоў 6 разраду Сенненскага РУП ЖКГ Віктар Дунец.