У новы навучальны год з падарункам

1.09 055У школах раёна пачаўся новы навучальны год. Школьныя званкі апавясцілі пра яго пачатак 2286 дзяцей. Для 218 першакласнікаў Сенненшчыны ён прагучаў упершыню. На ўрачыстых лінейках ва ўсіх школах пабывалі прадстаўнікі раённай улады. Старшыня райвыканкама Васіль Чараднік свой рабочы дзень 1 верасня пачаў з Машканскай дзіцячага сада-сярэдняй школы імя Гараўца, дзе сёлета школьны парог пераступілі 198 вучняў.

Акрамя юных машканцаў школу наведваюць дзеці з 9 іншых сельскіх населеных пунктаў. Таму навучальнай установе дарэчы прыйшоўся новы аўтобус, закуплены на сродкі  раённага бюджэту. Васіль Анатольевіч павіншаваў вучняў, настаўнікаў, бацькоў з новым навучальным годам і запэўніў, што дзяржава і ўлады зробяць усё магчымае, каб дзеці маглі вучыцца ў належных умовах, праявіць свае таленты, а навучальная ўстанова адпавядала сучасным патрабаванням. На першавераснёўскай лінейцы ў Машканскай школе прысутнічаў і выступіў Леанід Шаеў, старшыня Машканскага сельвыканкама.

Дырэктар СУП саўгаса імя Машэрава  Сяргей Ліцяга, дарэчы, былы выпускнік школы, завітаў на лінейку таксама не з пустымі рукамі. Сельгасарганізацыя зрабіла першакласнікам падарункі — падрыхтавала набор сшыткаў, ручак,  неабходных для вучобы канцылярскіх вырабаў.  Дырэктар сельгасарганізацыі не забыўся і на старэйшых вучняў школы. Групе вучняў-старшакласнікаў, якія актыўна дапамагалі  летам саўгасу ў правя­дзенні сельскагаспадарчых работ, былі ўручаны невялікія грашовыя прэміі.

І ўсё ж у цэнтры ўвагі ў той дзень у Машканскай, як і ў іншых школах раёна і ўсёй краіны, былі першакласнікі. У першы клас Машканскай ДССШ сёлета прыйшоў  21 вучань. Галоўным падарункам для іх у дзень ведаў стала кніга «Мая Радзіма — Беларусь».     Ад імя Прэзідэнта краіны пер­ша­клас­нікам яе ўру­чыў дырэктар школы Аляксандр Бяляцкі. Парог школы дзеці пераступілі пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў Ірыны Ананенка. Дарэчы, тры месяцы таму Ірына Мікалаеўна «выпусціла» ў 4 клас столькі ж вучняў. А першыя яе выхаванцы вучацца ў 10 класе.

Урачыстая лінейка ў Машканскай ДССШ прайшла па традыцыйных канонах. Знайшлося на ёй месца для выступлення бацькоў, старшакласнікаў, першакласнікаў. Школа і прышкольная тэрыторыя радавалі вока сваёй дагледжанасцю, быццам запрашаючы дзяцей хутчэй брацца за вучобу, якая для іх з’яўляецца галоўнай працай. Многія работы ў школе вучні і настаўнікі зрабілі ўласнымі рукамі. А значыць пастараюцца захаваць зробленае.

У добры шлях, школа, выдатных адзнак, вучні, старанных вучняў,

настаўнікі!

Наш кар.

 

                               

.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *