Баравіка-волата пашанцавала знайсці жыхару Сянна Уладзіміру Мазанаву

№1 Мужчына — заўзяты аматар «ціхага палявання». А таму, прызнаецца ён, у гэтую спрыяльную для грыбнікоў вераснёўскую пару імкнецца як мага часцей наведвацца з кошыкам у лес.

Свайго волата Уладзімір  знайшоў у алешніку паб­лізу кар’ера «Оўсішча». «Цар» баравікоў хаваўся пад бярозавай галінай. Ужо дома Уладзімір узважыў лясны трафей. Вага грыба склала без малога 1,4 кілаграмы! Блізкія  падказалі аднесці знаходку на паказ у рэдакцыю «раёнкі».

Па словах спадара Мазанава, сустракаліся ў яго «грыбніцкай кар’еры» экзэмпляры і паболей, але ўсе яны былі чарвівыя.

Дарэчы, на гэтым сюрпрызы ад матухны-прыроды для паспяховага грыбніка ў той дзень не скончыліся. Сенненца чакаў багаты ўраджай: побач з волатам расло яшчэ звыш трох  дзясяткаў меншых па памеры баравікоў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Уладзімір Мазанаў са сваім трафеем.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *