Якасць малака палепшылася

молоко  За сем месяцаў гэтага года сельгасарганізацыям раёна ўдалося палепшыць якасныя паказчыкі малака. З усёй прадукцыі, што пайшла на рэалізацыю, 57,6% было прынята гатункам «экстра», 40,4% — вышэйшым.

Калі ўлічыць, што ў студзені — ліпені 2013 года гатункам «экстра» малака з ферм прадпрыемстваў было атрымана толькі 26,6 працэнта, то можна казаць, што дасягненне значнае.          Найбольшая колькасць малака найвышэйшай якасці паступіла з ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» (84,1%), СУП імя Машэрава (77,9%).

Прыкметны  рост у вытворчасці і рэалізацыі малака гатунку «экстра» адбыўся ў ААТ «Пурплева» (57,1% супраць 8,4%), сельгаспрадпрыемстве імя Данукалава (56,9% супраць 10,5%).

Аднак застаюцца і праблемы. ААТ «Сінягорскае», «Пурплева», сельгаспрадпрыемства імя Данукалава прадаюць малако другім гатункам па прычыне павышанай кіслотнасці, што, як правіла, сведчыць пра незахаванне санітарна-гігіенічых нормаў.

Як адзначыла галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Зоя Конышава, калі ў мінулым годзе наш раён па якасці быў у хвасце абласной зводкі, то сёлета ў першай дзясятцы. Стаіць задача ўвайсці ў пяцёрку лепшых раёнаў і тым самым палепшыць эканамічныя паказчыкі ў вытворчасці малака.

Ларыса МУКАМОЛАВА.