Сенненская Сястра Хатыні

3 Над месцам, дзе некалі стаяла вёска Марозаўка, гучала жалобная музыка. Яе шчымлівыя гукі нагадвалі аб жахлівай трагедыі, што адбылася тут 72 гады назад. Дзень 22 жніўня 1942 года назаўсёды стаў жалобнай датай у гісторыі Сенненшчыны.

Раніцай нямецка-фашысцкія карнікі ўварваліся ў Марозаўку. Лю­дзей сагналі ў хлеў і падпалілі. Жыхары суседніх вёсак чулі стрэлы, жудасныя крыкі, бачылі слупы чорнага дыму. У вогні­шчы загінула 28 жыхароў. Большая колькасць з іх  — дзеці. Пасля вайны Марозаўка так і не адрадзілася да жыцця. У 1976 го­дзе на месцы трагедыі ўсталявана стэла, увекавечана назва вёскі і ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

2        Данінай памяці аб зажыва спаленых мірных жыхарах Марозаўкі стаў мітынг-рэквіем, які прайшоў на месцы трагедыі па ініцыятыве раённага выканаўчага камітэта. Яго арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя ГА «Беларускі фонд міру»,  Какоўчынскі  сельскі выканаўчы камітэт, аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілі­тацыі і дзённага знахо­джання для грама­дзян пажылога ўзросту г.п. Багушэўск Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

IMG_0020     — Сёння вельмі важна захаваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць пра кожнае такое трагічнае месца, — адзначыў у час мітынгу кіраўнік справамі Какоўчынскага сельвыканкама Сяргей Цярэня.

У гэты дзень на ганаровую вахту ля стэлы заступілі вучні Яноўскай школы.

IMG_0028    У час выступлення дрыжалі ад хвалявання галасы піянераў  багушэўскай першай школы, членаў грамадзянска-патрыятычнага клуба «Волаты Беларусі» — настолькі кранула іх гісторыя Марозаўкі. Свой верш «Всё дальше уходит время…», прысвечаны трагедыі, прачытала самадзейная паэтка з гарпасёлка Раіса Мацюшкіна.

Пасля прысутныя ўшанавалі памяць закатаваных вяскоўцаў хвілінай маўчання і ўсклалі да помніка жывыя кветкі і памінальныя вянкі. Протаіерэй царквы святых Пятра і Паўла Георгій правёў жалобнае богаслужэнне.

Ларыса МУКАМОЛАВА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *