Новые учебники поступили в школы Сенненщины

1 6-гадовая Лера Берашэвіч з Сянна трымае ў руках сваю першую і галоўную кнігу «Буквар». Менавіта з яго для першакласніцы сенненскай сярэдняй школы №2 пачнецца цікавае падарожжа па краіне ведаў. Яе сяброўка Даша Лосіч, пойдзе ў трэці клас. Дзяўчынкі ўжо паспелі палістаць хрумсткія старонкі,  азнаёміцца з новенькімі  падручнікамі, па якіх давядзецца вучыцца ў новым навучальным годзе.

Як расказала бібліятэкар вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Конюшка, усе навучальныя ўстановы раёна забяспечаны вучэбнай і метадычнай літаратурай. Толькі з пачатку года ў сенненскія школы паступіла 64 найменаванні падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у колькасці 8800 паасобнікаў. 238 экзэмпляраў складае метадычная і даведачная літаратура. Акрамя таго, звыш 1400 паасобнікаў будуць накіраваны ў дашкольныя ўстановы раёна.

А першага верасня Леру і іншых першакласнікаў Сенненшчыны чакае яшчэ адзін прыемны сюрпрыз. У Дзень ведаў хлопчыкам і дзяўчынкам уручаць падарунак ад Прэзідэнта краіны — кнігі «Беларусь — наша радзіма». Маляўнічыя выданні ў колькасці 235 экзэмпляраў ужо чакаюць сваіх маленькіх чытачоў.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

На здымку: Лера Берашэвіч і Дар’я Лосіч у школьнай бібліятэцы СШ №2 г.Сянно знаёмяцца з новымі падручнікамі.