Сям’я з г.п. Багушэўск стала “Уладарамі сяла” на Сенненшчыне

IMG_0048 На мінулым тыдні пры падтрымцы і актыўным садзейнічанні райвыканкама прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», які непасрэдна арганізавалі і правялі райкам ГА «БРСМ» і аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ва ўтульным двары Багушэўскай санаторнай школы-інтэрната, каб вызначыць лепшую маладую сельскую сям’ю.

У конкурсе паказалі свае ўменні, спрыт і майстэрства Мікалай і Галіна Качэгіны са Студзёнкаўскага сельсавета, Сяргей і Аксана Цяцюевы з Багушэўска, Мікалай і Вольга Броўка з Какоўчынскага, Віталь і Анастасія Лагун з Нямойтаўскага, Аляксандр і Аксана Калымага з Беліцкага, Арцём і Наталля Міцкевічы з Ходцаўскага, Сяргей і Дзіна Машкей з Машканскага сельсаветаў.

Пра сябе ўдзельнікі расказалі ў першым конкурсе —  візітнай картцы «Вітаем па-беларуску». Разам з бацькамі на сцэну падняліся дзеці, у тым ліку з мнагадзетных сямей  Качэгіных і Машкей.

Канкурсанты стараліся паказаць сябе ва ўсёй красе, а гледачы падтрымлівалі іх дружнымі апладысментамі. Сямейны стаж большасці ўдзельнікаў невялікі, але яны працягваюць традыцыі сем’яў, у якіх выраслі,  закладваюць новыя.

IMG_0044Напрыклад, Аляксандр і Аксана Калымага прывезлі «сундучок» з сямейнымі рэліквіямі, якія збіраюцца перадаць дачцэ Анастасіі, калі яна стане дарослай. Прыемна ўразіла і парадавала гледачоў і журы цудоўным выкананнем прыпевак Наталля Міцкевіч. Маці дапамагала спяваць дачка Таіса. Пад бурныя апладысменты пацалункам скончылі сваё выступленне Мікалай і Галіна Качэгіны. Адным словам, было бачна, што ўдзельнікі падрыхтаваліся добра і збіраюцца ўсур’ёз змагацца за званне «Уладар сяла».

Наступны іспыт называўся «Па дровы». Спачатку мужы і жонкі гэтыя дровы пілавалі, прычым на хуткасць. Да таго ж, распілаваць бервяно трэба было роўненька і на тры аднолькавыя часткі. За неахайнасць у рабоце налічваліся штрафныя балы. Потым мужчыны дровы секлі, а жанчыны складвалі ў касцёр (поленницу). У гэтым, бадай самым складаным конкурсе «нарыхтоўшчыкі дроў» не асарамаціліся: гледачы, балельшчыкі і журы пераканаліся, што перад імі сапраўдныя вясковыя жыхары.

IMG_0058       Складаным, асабліва для жанчын, быў  конкурс «Святочны воз»: муж запрагаў каня, а яго палавіна — распрагала. Не ўсім, скажам шчыра, удалося выканаць заданне так, каб не было ні сучка ні задзірынкі. Сапраўднымі знаўцамі справы паказалі сябе сем’і Цяцюевых, Міцкевічаў і Машкей.

Конкурс «Зжатая паласа» выявіў самых спрытных гаспадынь-працаўніц. Лепшай была Аксана Калымага, якая за свой сноп атрымала «10» балаў.

Як кажуць,  да часу, аказаўся конкурс «Бульбашы», бо якраз час капаць, сартаваць і класці на захаванне наш другі хлеб. У спаборніцтве перамаглі самыя хуткія ў перабіранні бульбы.

«Сямейныя прысмакі» — так называўся конкурс, у якім сямейныя пары вынеслі на суд журы сваю фірменную страву нацыянальнай кухні.

IMG_0043     На імправізаваных сялянскіх падворках канкурсанты прадставілі «Дасягненні сямейнай гаспадаркі» — такую назву насіў апошні конкурс мерапрыемства, у час якога саіскальнікі звання «Уладар сяла» арганізавалі выставы-прэзентацыі сямейнай творчасці. Жанчыны аказаліся майстрыхамі на ўсе рукі: на выставах можна было бачыць і выпечку, і вышыўку, і вязанне…

Падвяла вынікі раённага этапа рэспубліканскага праекта «Уладар сяла» намеснік старшыні райвыканкама, старшыня журы Зоя Фаміна. Пераможцай была аб’яўлена сям’я з гарпасёлка.

IMG_0067    На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання старшыні сельвыканкамаў уручылі падарункі сямейным парам за ўдзел у конкурсе. А Сяргей і Аксана Цяцюевы атрымалі прыз за перамогу і ганаровыя стужкі з надпісам «Уладар сяла — 2014» з рук  Зоі Фаміной.

Сям’я з Багушэўска будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе сямейнага сельскагаспадарчага праекта. Чакаем з перамогай!

 Таццяна Буракова.

На здымках: сям’я Цяцюевых на конкурсе «Па дровы»;  візітную картку прадстаўляе сям’я Калымага; на сялянкім падворку рыхтуюцца да конкурсу; пераможцаў віншуе намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна.

 Фота аўтара.