Акции, приуроченные к началу нового учебного года, на Сенненщине проводят сотрудники ОГАИ и РОЧС

плакат детиЗ 25 жніўня па 5 верасня на тэрыторыі Сенненскага раёна праводзіцца комплекс спецыяльных мерапрыемстваў «Увага! Дзеці!», паведаміў старшы дзяржаўтаінспектар аддзялення ДАІ Сенненскага РАУС Аляксандр ЛАБАЦКІ.

Яны праходзяць у рамках рэспубліканскай акцыі па прафілактыцы і папярэ­джанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і прымеркаваны да пачатку новага навучальнага года ва ўстановах адукацыі.

У гэты час вадзіцелі транспартных сродкаў павінны рухацца ў дзённы час сутак з уключаным бліжнім святлом фар. Парушальнікам, згодна з ч.3 арт.18.14 КаАП, пагражае адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 2 базавых велічынь (Br300 000).

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму становіцца асабліва актуальнай з пачаткам навучальнага года. Пасля канікулаў дзеці адвыклі ад гарадской мітусні і выходзяць на вуліцы ў расслабленым стане. Таму вельмі важна перад школьнымі буднямі нагадаць і дзецям, і дарослым пра тое, што дарога да школы павінна быць бяспечнай, а гэтая бяспека залежыць у першую чаргу ад самадысцыпліны, ведаў і няўхільнага захавання правілаў дарожнага руху.

З пачатку года ў Ві­цебскай вобласці з удзелам дзяцей адбылося 19 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх 22 дзіцяці атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, а двое дзетак, на жаль, загінулі.  Адзначыліся ў сумнай статыстыцы Шумілінскі, Докшыцкі, Лепельскі, Пастаўскі, Аршанскі раёны, гарады Орша і Полацк.

Сярод найбольш распаўсюджаных прычын ДТЗ — пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы, раптоўны выхад на праезную частку перад блізка едучым транспартам, пераход дарогі на чырвоны сігнал святлафора. Так, 9 пацярпелых непаўналетніх своечасова не заўважылі транспарт, які набліжаўся, і памылкова лічылі, што знаходзяцца на бяспечнай ад яго адлегласці. Шасцёра раптоўна выбеглі на дарогу з-за аўтамабіляў і іншых аб’ектаў, з-за чаго вадзіцелі не змаглі своечасова адрэагаваць на перашкоду.

Як адзначае Аляксандр Лабацкі, дзеці не заўсёды правільна ацэньваюць тую ці іншую сітуацыю, таму вадзіцелі павінны быць выключна ўважлівымі і знізіць хуткасць пры з’яўленні дзіцяці на тратуары ці праезнай частцы.

Супрацоўнікі Дзярж­аўтаінспекцыі таксама нагад­ваюць бацькам ­шко­ль­­­нікаў аб неабходнасці навучання апошніх правілам бяспечных паводзін на дарозе і, канешне, быць самім дысцыплінаванымі на вуліцы, бо, як вядома, дзеці бяруць прыклад з нас, дарослых.

Выхоўвайце ў вашых дзяцей пачуццё асцярожнасці пры пераходзе праезнай часткі, штодзённа напамінайце ім пра неабходнасць выканання праві­лаў пешаходнага руху, прышпіліце на верхняе адзен­не дзіцяці святловяртальныя элементы.

 

    «У цэнтры  ўвагі — дзеці!”

                Пад такой назвай з 20 жніўня па 30 верасня па ўсёй рэспубліцы праходзіць акцыя, прысвечаная Дню ведаў. Яе мэта — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем траўматызму і гібелі на пажарах з прычыны пакідання дзяцей без нагляду.

Акцыя праходзіць у тры этапы. Як расказалі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, у час першага этапу ў буйных гандлёвых аб’ектах раёна, дзе прапануюцца тавары для дзяцей, змешчана наглядная выяўленчая прадукцыя на супрацьпажарную тэматыку.

У час другога этапу на школьных лінейках і класных гадзінах супрацоўнікі РАНС правядуць з дзецьмі прафілактычныя гутаркі на тэму папярэджання надзвычайных сітуацый, асноўных прычын узнікнення пажараў, алгарытму дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях. На заканчэнне мерапрыемстваў плануецца арганізаваць агульнашкольную вучэбную эвакуацыю.

У час трэцяга этапу выратавальнікі наведаюць дашкольныя ўстановы. Для дзяцей будзе арганізавана дэманстрацыя тэматычных павучальных мультфільмаў. З бацькамі правядуць прафілактычныя гутаркі, з педагагічным складам — інструктажы.