Эканоміка падымаецца на травах

OLYMPUS DIGITAL CAMERA    Гэтай вясной у ААТ «Бяленева» закладзены насеннікі сямі відаў траў: канюшыны белай, чырвонай, ружовай, злакавых — аўсяніцы, купкоўкі, пашавага райграса, гібрыду райграса і аўсяніцы. Усё насенне —  элітнае.  Галоўны аграном сельгасарганізацыі Андрэй Юсікаў не хавае — перад ім пастаўлена задача на аснове гэтых траў падрыхтаваць пашавыя сумесі, каб атрымліваць належную аддачу ад малочнага статку летам, стварыць устойлівую кармавую базу для стойлавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы.

Насенне сельскагаспадарчае акцыянернае таварыства набывала ў ААТ «Віцебскае насенне траў» у растэрміноўку. Але ўжо ў бліжэйшы час разлічыцца з пазыкай. Партнёрам па аб’я­днанні пастаўлена 13 тон насення купкоўкі, якое прайшло праз сушылку. «Дапрацоўка зменшыць вагу недзе да 7-8 тон. Але з улікам, што наша насенне мае першую рэпрадукцыю, гаспадарка атрымае яшчэ і даход каля 17 млн рублёў», — упэўнены Андрэй Мікалаевіч.

Акрамя насення купкоўкі ў ААТ «Бяленева» намалацілі 15 тон цімафееўкі, 12 тон сумесі канюшыны з цімафееўкай. І гэта не бункерная вага, а пасля сушкі. Так што свае патрэбы ў насенні траў для вытворчасці кармоў гаспадарка таксама закрывае. А калі ўлічыць, што на палетках сельгасарганізацыі даспявае яшчэ 96 гектараў насеннікаў сумесі канюшыны і цімафееўкі, будзе  яшчэ што і прадаць. Попыт на насенне траў ёсць за межамі раёна. Аднак Андрэй Юсікаў, як патрыёт, не забывае пра суседзяў. Нядаўна 30 гектараў бяленеўскіх насеннікаў абмалацілі камбайны КУСГП імя Гараўца.

Да такіх аб’ёмаў вытворчасці насення траў у гаспадарцы ішлі не адзін год. Спачатку спрабавалі ў гэтым накірунку працаваць самастойна. Але вынікі сталі больш важкімі, калі ААТ «Бяленева», дарэчы, як і Віцебская доследная меліярацыйная станцыя, стала партнёрам ААТ «Віцебскае насенне траў». «Для закладкі насеннікаў мы бяром элітнае насенне. Атрымліваем першай рэпрадукцыі і пастаўляем назад для масавага распаўсюджвання. Для нас вытворчасць насення траў па цэнавых паказчыках даволі прымальная — 1 тона злакавай травы каштуе прыкладна  як 10 тон харчовага зерня», — разважае Андрэй Юсікаў ужо не як аграном, а як эканаміст.

Зрэшты, вытворчасць насення траў — справа няпростая. Важна падабраць для кожнага віду траў участак зямлі, своечасова пачаць абмалот: пачнеш рана, страціш узыходжасць насення, позна — насенне абсыплецца.

Ва ўмовах рынку мытнага аб’яднання Беларусі, Расіі, Казахстана беларускім вытворцам зерня цяжка канкурыраваць у вытворчасці зерня, скажам, з земляробамі Варонежскай, Тамбоўскай ці Кустанайскай абласцей, дзе землі куды больш урадлівыя. А вось у вытворчасці насення траў канкурэнтныя перавагі на нашым баку. І іх трэба выкарыстоўваць. Патрэбу ў насенні траў маюць яшчэ і многія гаспадаркі раёна. Нельга забываць і пра той факт, што сілас з канюшыны значна танней па сабекошце за кукурузны пры амаль што аднолькавай іх пажыўнасці. Канюшына ўзбагачае глебу азотам, паляпшае структуру, а галоўнае, эканоміка любой сельгасарганізацыі, што спецыялізуецца на вытворчасці малака і мяса, пачынаецца са  стварэння кармавой базы. Адсюль павінна выбудоўвацца тактыка далейшых дзеянняў. Важна, каб гэта зразумелі не толькі ў ААТ «Бяленева», а ў кожнай гаспадарцы раёна. Тым больш, што на сенненшчыне для руху ў гэтым накірунку створаны спрыяльныя ўмовы ў выглядзе Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі, ААТ «Бяленева».

Наш кар.

НА ЗДЫМКУ: Андрэй Юсі­каў правярае спеласць насення травы на адным з палеткаў гаспадаркі.